У Гародні адзначылі юбілей «Паходні»
30-годдзе гісторыка-культурнага клуба аматараў роднага краю „Паходня” адзначылі ў Гародні. Два дзясяткі ветэранаў, пачынальнікаў „Паходні” сустрэліся ў памяшканні арт-галерэі „Крыга”. Згадалі гісторыю гарадзенскага нацыянальнага руху канца 80-х, калі разам з гарадзенскім клюбам паўставалі падобныя ў Менску, Наваполацку, Воршы, Гомелі. Што прыцягвала моладзь канца васьмідзясятых у „Паходні” кажа ягоны былы ўдзельнік Сяргей Лушчык:
— Гэта былі 87 – 88 гады. Валодзя Хільмановіч, Алесь Пугачоў…. Прыцягнула тое, што тады быў такі перыяд калі адкрываліся белыя плямы гісторыі, нейкія невядомыя гістарычныя факты, — гэта і прыцягнула. Вельмі цікава выступалі старэйшыя сябры «Паходні»: Ткачоў, Майсяёнак.
Тацяна Маліноўская:
— «Паходня» у тыя часы працавала ў розных накірунках, і культурна-асветніцкія і палітычныя акцыі былі, і нават нейкія такія працоўныя акцыі былі.
Выступоўцы адзначылі, што змаганне за беларускасць у Беларусі працягваецца. На іх думку, добра, што цяпер ёсць пераемнік „Паходні”, курсы „Мова Нанова Гародня”. Яны, як калісьці „Паходня”, таксама рэгулярна, штотыдзень ладзяць сустрэчы гарадзенцаў з цікавымі людзьмі-беларусамі, і нясуць тую ж нацыянальна-асветную місію.
[Not a valid template]
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота аўтара