Затрыманне Чыжа: меркаванні экспертаў



Уплывоваму бізнесоўцу з бліжэйшага атачэння Лукашэнкі пагражае да 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці. Уладальнік групы кампаніяў “Трайпл” падазраецца ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Што думае на гэты конт эканаміст Леанід Злотнікаў?

– Гэта ж не першы арышт алігарха ў Беларусі. Спачатку садзяць, пасля вызваляюць. Гэта паказвае залежнасць прыватнага бізнеса ад урада і кіраўніка дзяржавы, тое, што ён падкантрольны.

У сваю чаргу аглядальнік Валер Карбалевіч бачыць у выпадку з Юрыем Чыжом адразу некалькі чыннікаў. Напярэдадані затрымання бізнесовец рэзка ўпаў у рэйтынгу буйных беларускіх бізнесоўцаў.

– Затрыманне Чыжа сведчыць пра статус бізнеса ў Беларусі: падтрымліваць жыццяздольнасць беларускай сацыяльнай мадэлі, дапамагаць дзяржаўнаму сектару. Як толькі здараецца крызіс, уладзе патрэбныя грошы. А дзе іх браць? У бізнеса!

Карбалевіч лічыць, што пакуль у Беларусі будзе нарастаць эканамічны крызіс, такія гучныя затрыманьні будуць здарацца часьцей і часьцей. З такім меркаваньнем пагаджаецца й першы кіраўнік Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

– Відавочна, Чыж не выплаціў столькі, колькі хацеў наш Галоўны. І калі ён вырашыў, што такі магутны, то яго трэба паставіць на месца. Але, ведаеце, тут можа быць і многахадоўка. Ва ўсялякім разе, гэта паказвае, што справы з фінансамі ў дзяржаве вельмі і вельмі дрэнныя. Таму што больш прыбліжанай асобы я проста не ведаю.

Нагадаю, пра затрыманне Юрыя Чыжа і канфіскацыю дакументаў з яго офіса стала вядома 11 сакавіка пасля 18-й гадзіны. Зараз бізнесовец знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота nevainfo.ru