Ці вернецца цягнік Беласток – Гародня?



Ці вернецца бліжэйшым часам трансгранічны цягнік Беласток – Гародня? Зараз Міністэрства інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы аналізуе магчымасці, звязаныя з вяртаннем двух пар цягнікоў на гэтай трасе. Паводле прэс-сакратара міністэрства Альжбеты Кісіль, чыгуначная кампанія “Рэгіянальныя перавозкі” ўжо зрабіла падлік коштаў. Цяпер рашэнне застаецца за міністрам:

– Аналізуем магчымасці і фінансавыя пытанні, звязаныя з падаражаннем руху гэтых цягнікоў. На дадзены момант ніякага рашэння няма. Просім пачакаць, каб мы маглі даць канкрэтную інфармацыю пра тое, як гэта будзе выглядаць, хто будзе фінансаваць і ажыццяўляць гэтыя злучэнні.

Калі міністр інфраструктуры і будаўніцтва Польшчы вырашыць прафінансаваць новыя злучэнні, то цягнік вернецца ў расклад, – дадае Альжбета Кісіль. Аднак пакуль рана гаварыць пра канкрэтныя даты.

Чыгуначнае злучэнне на лініі Беласток-Гародня было спыненае ў сярэдзіне снежня мінулага году.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя