Міхалок: Музыка – гэта каўчэг, які выратуе нас ад патопу



Сяргею Міхалку спадабаўся сённяшні Беласток. Музыка са сваім гуртом „Bruttо” выступілі ў супольным канцэрце з гарадзенскімі “Дзецюкамі” і парадавалі фанатаў сваёй творчасці не толькі новымі, але і старымі хітамі, яшчэ часоў “Ляпіса Трубяцкога”.

Сяргей Міхалок

Яне Запольскай удалося пагаварыць з Міхалком літаральна за гадзіну да яго выступу ў Беластоку. Музыка запэўніваў, што настрой у яго надзвычай добры:

Сяргей Міхалок: Цудоўны фестываль. Шмат людзей. Думаю, важна паказаць, што беларускі рок-н-рол варты вялікіх пляцовак.

Вельмі прыемна выступаць з гуртом “Дзецюкі”. Я думаю, за апошняе дзесяцігоддзе гэты гурт – феномен. Яны не спяваюць талерантную ці папсовую музыку. Гэта гурт, у якім шмат ідэалогіі, моцны панк-складнік. Гэта гурт, які яднае людзей самага рознага ўзросту. Вось гэта важна. Тут важны маштаб.

Я па адукацыі рэжысёр масавых мерапрыемстваў, таму я не прымаю падвалаў, кватэрнікаў і г.д. Я дарослы чалавек, які цэніць кожную секунду і кожны вечар. Таму лепш выйсці і адразу пагаварыць з вялікай колькасцю людзей, чым кожны дзень паціху сустракацца з людзьмі, шаптаць ім штосьці ў ліфце…

У мяне святочны настрой, бо гэта сапраўднае свята.

РР: Я была ля ўваходу – там шмат людзей. З Менска, Полацка… Людзі ехалі з усёй Беларусі дзеля вас і “Дзецюкоў”. Трошкі шкада, што не ў Менску гэты канцэрт.

Сяргей Міхалок: Усё будзе – і Менск, і Полацак, і Гародня. Штодзень мяняюцца правілы гульні. Мы адчуваем новы свежы вецер: з’явіліся новыя тэндэнцыі, беларускія чыноўнікі ўжо чытаюць Янку Купалу ў прамым эфіры і акцэнтуюць на гэтым увагу. Магчыма, гэта пачатак новага дыялогу, бо раней меў месца толькі маналог. Я на сабе гэта адчуваў. Нам нібы вызначаюць нейкую рэзервацыю, дзе мы з кімсьці размаўляем, з такімі ж індзейцамі, як мы. Мы абарыгены, якім вызначылі пэўную тэрыторыю. Цяпер я бачу, як на ўзроўні дзяржавы, гэткага вялізнага цмока, вельмі дрэнна ставяцца да такіх слоў, як санкцыі, забарона і г.д. Значыць, ёсць нейкая тэндэнцыя. А я, як чорт: дайце мне толькі магчымасць – і я пралезу, прасуну сваіх фанатаў. Няхай людзі робяць фотаздымкі, здымаюць на тэлефоны. Няхай іншыя пабачаць, што мы ніякія не маргіналы, а вясёлыя музыкі, якія жадаюць бачыць сваю Беларусь свабоднай і квітнеючай у сям’і еўрапейскіх дзяржаў. Мы хочам сябраваць з усімі суседзямі, мы супраць вайны і агрэсіі, бомбаў і разрываў.

РР: А што можа музыка змяніць?

Сяргей Міхалок: Яна ўжо многае змяняе. Напрыклад, сённяшні дзень – гэта інтэрнацыянальнае свята. Тут беларусы, хлопец з Піцера падыходзіў па аўтограф. Мы будуем масты – музыка іх будуе. На нашы канцэрты прыходзяць людзі абсалютна розных ідэй. Гэта ж не палітычная партыя са сваёй ідэалогіяй, якая збірае на сход сваіх чальцоў, дзе яны падпісваюць нейкую петыцыю, маюць свой маніфест. Гэта канцэрт! Тут людзі з рознымі поглядамі, правыя і левыя, дарослыя і маладзёны, рэтраграды і футурысты. Усе яны збіраюцца на гэтыя некалькі гадзін не паадрываць адзін аднаму галовы, а разам танцаваць, абдымацца, размаўляць. Вось гэтага мы хочам.

Усё, што зараз адбываецца ў свеце, – гэта нейкі жах, патоп. І трэба, каб музыкальныя канцэрты ператварыліся ў своеасаблівыя каўчэгі, у якія б людзі траплялі – і ўсхіхаліся. Проста стаялі б і ўсміхаліся. І каб гэта музыка не была папсой. Чамусьці кажуць, што толькі папса можа збіраць вялікія пляцоўкі. Але ў нашай музыцы ёсць гісторыя, ідэі, нават вострыя моманты. Мы пра многае спяваем і гаворым. Але з той прычыны, што гэта гульня, гэта свята, гэта творчае слова, ёсць падставы меркаваць, што можам зрабіць больш за нейкія артыкулы ў газеце ці зводы законаў. Самае галоўнае – каб з’явілася надзея. Бо цяпер пануе такая апатыя, недавер да ўсяго, што адбываецца ўсюды: ва Украіне, у Расеі і Беларусі. Людзі губляюць надзею ў свае ўласныя сілы. Няхай жа яны пабачаць, што немагчымае – магчыма!

Сяргей Міхалок цяпер жыве разам з сям’ёй у Кіеве. У лютым музыка адмыслова прыязджаў у Менск, каб атрымаць гастрольнае пасведчанне і даць у траўні вялікі канцэрт у Палацы спорту. Аднак улады адмовілі ў гэтым. На працягу некалькіх гадоў Міхалок уваходзіць у Беларусі ў негалосны спіс так званых “забароненых музыкаў”.

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя