Працяг размовы



Хіба што няма ў наш час больш скампраметаванага жанру, чым інтэрнэтныя „каменты”. Найчасцей гэта нагода выплюхнуць на аўтара апублікаванага тэксту ўласныя фобіі, крыўды і комплексы, схаваўшыся за выдуманым „нікам”. Пагэтаму, як правіла, праглядаеш каментары па дыяганалі, сцерагучыся ад бруду.

На шчасце, бываюць і выключэнні. Такімі былі заўвагі сп. Зміцера Крымоўскага да майго нядаўняга тэксту аб праблемах беларускай мовы „Шлях да самасвядомасці”. Аўтар не пагаджаецца з большасцю маіх тэзаў, але робіць гэта аргументавана, без абразаў і эмоцый. Менавіта такіх дыскусій нам не хапае, і грэх было б яе не падтрымаць. Тым больш, што не ўсе довады спадара Зміцера мяне пераканалі.

„Не зразумела, якія стагоддзі упартай працы спатрэбіліся летувісам, каб ачысціць мову ад „пальшчызны”? Летувіская дзяржава паўстала толькі ў 1918 годзе. Цяжка ўявіць, як летувісы ачышчаюць мову у „турме народаў” – Расейскай імперыі”. Па-першае, пра слова-пачвару, якое так палюбілася нашым патрыётам: „летувіс”. У літоўскай мове канчаткі – as,  – is, абазначаюць мужчынскі род (як нямецкі артыкль Der.) „Літоўка” ўжо будзе lietuvė. То хто тады „летувіска” – гермафрадыт?

Няведанне літоўскай мовы і яе гісторыі падвяло сп. Зміцера і са сцвярджэннем, што літоўская мова магла дасканаліцца толькі з 1918 года, калі „паўстала” (супраць каго? мабыць, „узнікла”?) уласная дзяржава. Падобнае мы ўжо чулі пра сябе – што гісторыя Беларусі пачалася з БССР. Літоўская мова адна з самых старажытных. І змагалася за сваё існаванне, і дасканалілася задоўга да 1918 года. І ведаць гісторыю і досвед гэтага змагання было б вельмі карысна для нас, беларусаў.

Беларускі варыянт „парэнчаў” і „філіжанак” вельмі просты – „поручні”, „кубачкі”.

„Колькі – ці гэта толькі пытанне? І што ж пытальнага ў „У яго столькі дамкоў, колькі ў зайца ламкоў”. Але тут „колькі” ніяк не заменіш на „некалькі”. (Цікава, што такое „ламкі”?) Дарэчы, спасылкі на тое, што той ці іншы вядомы літаратар ужываў пэўнае слова, зусім не значыць, што і мы можам ім карыстацца. Анатоль Сыс ужываў словы „абіцель”, „жана”, „праважала”, – і ў ягоных вершах яны да месца, але гэта справа кантэксту, рытму. „А вось Іван Мележ піша: „Бацька здаўна хварэе на сэрца”. Але „сэрца” – не хвароба, я ж пісаў, што не па-беларуску „хварэць на грып”. А „хворы на ўсю галаву” – хто ж такога не чуў ды сам не ўжываў?

„Калі ў Дуброўна не казалі, то яшчэ не значыць, што не казалі ў Шчучыне”. Згода – я памятаю часы, калі паводле гутаркі можна было акрэсліць нават, з якой вёскі чалавек… Але адна справа дыялекты, іншая – літаратурная мова. Дыялекты, вядома, узбагачаюць мову. Як, дарэчы, і жаргон, хоць з гэтым не ўсе пагодзяцца. Дзеля адсутнасці беларускага жаргону вельмі цяжка напісаць па-беларуску сучасны дэтэктыў, бо беларускай „фені”, „блатнога” жаргону не існуе ў прынцыпе.

„Паліць, курыць, смаліць і інш. Пакінуць толькі „курыць” – гэта выходзіць абагачэннемовы? „Ні ў якім разе! Можна да ўсіх пералічаных дадаць яшчэ і „дыміць”, – зноў жа, пытанне кантэксту. Чаму б люльку не „распаліць”? Увогуле, не можа быць такіх патрабаванняў – гвалтам пазбавіцца ад усіх запазычанняў. Тым больш, што, як нехта падлічыў, практычна кожная мова адсоткаў на сорак складаецца ўласна з іх. Мой непісьменны дзед-сталяр называў свой вугольнік „вінкель”, не падазраючы, што гэта чыста нямецкае слова. „Варунокъ” – пазычана не ўчора… ужывалася яшчэ ў старабеларускай мове.” Правільна, тзв. „старабеларуская” мова існавала не ў вакууме. Існуе нават тэорыя балта-славянскай пра-мовы, ад якой нібыта паходзяць усе іншыя мовы рэгіёну. Але гэта не значыць, што кожнае слова з тых часоў пасуе да нашых.

Шкодныя не толькі запазычанні, але і бяздумныя калькі. Нашы рэдактары ніяк не могуць засвоіць, што „згубіць” можна толькі кашалёк, акуляры, а вось незалежнасць можна толькі „страціць”. Што „содержит” будзе не „утрымлівае”, а „змяшчае”, „передвигаться” – не „перасоўвацца”, а „перамяшчацца”.

„Самаачышчэнне мовы” – гэта, вядома ж, метафара, ачышчаць яе могуць толькі неабыякавыя носьбіты, карыстальнікі. Істотна, каб у наш, асабліва цяжкі для мовы, час ніхто не прэтэндаваў на ісціну ў апошняй інстанцыі. Бадай што пэўны час мусяць раўнапраўна існаваць абодва правапісы – і „клясычны”, і рэфармаваны. Істотна, каб мова шырылася і ўзмацнялася. А там будзе відаць, што прыжываецца, а што не.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ