Анатоль Лябедзька: Сістэма прадказальная, якая была – такая і ёсць



Судовы канвеер. Лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку аштрафавалі на 50 базавых, а грамадскую актывістку, пенсіянерку Ніну Багінскую – на 25 базавых велічыняў. Суд Цэнтральнага раёну Менску асудзіў іх за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў, якія прайшлі 15-га і 22-га лютага. Суддзя – Вікторыя Шабуня. Для Анатоля Лябедзькі сёлета гэта ўжо чацвёртая адміністрацыйная справа:

– Я зрабіў некалькі хадайніцтваў. Я прапанаваў з’эканоміць час – свой і спадарыні Шабуні. Я зыходжу з таго, што ўсе рашэнні ўжо загадзя падрыхтаваныя. Яны ў кампутары, іх можна было разрукаваць, агучыць. Нічога не мяняецца. Я выказаў, што гэта будзе 50 базавых і трэці раз не памыліўся. Часам ужо думаю, што на мяне зваліўся дар Вангі, і пачынаю яшчэ нешта прадказваць. Так што сістэма прадказальная, якая была – такая і ёсць, канвеер працуе.

Ніна Багінская ў час суда не падымалася, паколькі лічыць суды “марыянеткамі” Лукашэнкі, яна размаўляла са сведкамі-міліцыянтамі па-беларуску і заклікала іх таксама пераходзіць на родную мову. Абодва аштрафаваныя заявілі, што і надалей будуць падтрымліваць прадпрымальнікаў. Раней сёння таксама быў аштрафаваны моладзевы актывіст Павел Сяргей – на 50 базавых велічыняў.

Беларускае Радыё Рацыя