„Серж” на мяжы банкруцтва



Уладальнік адной з самых вядомых прыватных тэкстыльных кампаній Беларусі спрабуе атрымаць перадышку ад крэдытораў. Эканамічны суд Менска ўвёў на ТАА «Серж» трохмесячны ахоўны перыяд.

Кампанія «Серж» была да нядаўняга часу адным з самых буйных вытворцаў бялізны і трыкатажу на беларускім рынку. Яе ў 1996 годзе стварыў бізнесмен Сяргей Атрошчанка, нагадвае „Заўтра тваёй краіны”.

У пачатку 2010-га «Серж» па аб’ёмах, роўню тэхналогій і дынаміцы развіцця займаў другое месца пасля «Мілавіцы» сярод прыватных кампаній. У лепшыя гады на фабрыцы і ў крамах фірмы было занята 700 чалавек.

З 2011 года кампанія пачала выходзіць на рынкі СНД, а ў 2014 – на рынак Еўразвязу.

Сёння сітуацыя змянілася. Эканамічны крызіс і яго наступствы – падзенне пакупніцкай здольнасці, дэвальвацыя – моцна ўдарылі па бізнесе Сяргея Атрошчанкі.

У другой палове 2015 года «Серж» з’яўляецца ў спісах неплацельшчыкаў бюджэту. Грашовыя патрабаванні да бізнесмена і яго кампаніі прад’яўляюць дзелавыя партнёры.

У канцы 2015 года ў кампаніі засталося каля 100 супрацоўнікаў. Гэтая сітуацыя ў выніку і прывяла да таго, што кампанія «Серж» сама падала ў суд заяву пра прызнанне эканамічнай неплацежаздольнасці. Суд заяву прыняў і на днях усталяваў на прадпрыемстве ахоўны ад патрабаванняў крэдытораў перыяд, які заканчваецца ў пачатку чэрвеня гэтага года. Гэты час, відаць, неабходны бізнесмену для рэарганізацыі бізнесу.

Паводле zautra.by

Фота vk.com