Плануецца павелічэнне стаўкі падатку за здачу кватэраў



У Менску стаўкі падатку за здачу кватэр 1 траўня плануецца павялічыць на 15%.

 У сталіцы стаўкі падатку за здачу кватэр на кароткі і доўгі тэрмін могуць 1 траўн павялічыцца на 15%, калі такое рашэнне прымуць дэпутаты Менгарсавета, паведаміла 16 сакавіка на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Менску Галіна Гурыновіч.

Яна паведаміла, што гэткая прапанова была пададзеная на грамадскае абмеркаванне, якое завяршылася 9 сакавіка. „Праект рашэння з улікам усіх заўваг грамадзян паступіў у гарсавет. Я думаю, што на найбліжэйшай сесіі 29 сакавіка ён будзе разгледжаны, і, магчыма, дэпутаты яго зацвердзяць. Хутчэй за ўсё, рашэнне набудзе моц 1 траўня, бо яно павінна яшчэ быць ўзгодненае ў Мінюсце”, — растлумачыла Гурыновіч.

Колькасць грамадзянаў, якія легальна здаюць кватэры ўнаймы, штогод павялічваецца на 11-12%: у 2014 годзе іх было 52 тыс., у 2015-м — 59,5 тыс. Толькі за студзень—люты 2016 года атрымана падаткаў ад здачы кватэр 18 млрд. рублёў, што на 3 млрд. больш, чым у 2015 годзе. „Са снежня 2014 года стаўкі адзінага падатку за здачу кватэр не мяняліся. Яны залежаць ад месцазнаходжання кватэры. У Менску вызначаныя пяць зон. За першую стаўка складае 240 тыс. рублёў у месяц за адзін пакой, другую — 200 тыс., трэцюю і чацвёртую — 170 тыс., пятую — 140 тыс.”, — паведаміла намеснік начальніка.

Яна адзначыла, што ў 2015 годзе было зарэгістравана 800 індывідуальных прадпрымальнікаў, якія займаліся здачай кватэр на кароткі тэрмін (да 15 дзён). Ад іх паступіла адзінага падатку 12,5 млрд. рублёў. На 1 студзеня 2016 года зарэгістравана 600 ІП, якія здаюць кватэры на суткі. „Але звычайна да канца года іх колькасць узрастае”, — адзначыла Гурыновіч. За студзень—люты яны заплацілі падаткі на 2,2 млрд. рублёў.

Для кватэр, якія здаюць на суткі, вызначаныя стаўкі, што таксама не мяняліся са снежня 2014 года. Для першай катэгорыі (не больш за два пакоі) гэта 900 тысяч рублёў у месяц, другой (больш за два пакоі) — 1 млн. 800 тыс., трэцяй (аднакватэрныя жылыя дамы) — 2 млн. 800 тыс.

БелаПАН