Беларусь разлічвае атрымаць крэдыт ад ЕФСР



Беларусь разлічвае на атрыманне сёлета прыблізна 1,1 млрд. долараў крэдыту з Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця (ЕФСР), паведаміў 16 сакавіка на канферэнцыі ў Менску першы намеснік старшыні праўлення Нацбанка Тарас Надольны.

даляры

Пры гэтым ён адзначыў, што атрымаць еўразійскі крэдыт у Беларусі больш шанцаў, чым крэдыт Міжнароднага валютнага фонду.

Паводле звестак БелаПАН, у 2016 годзе валютныя абавязацельствы Мінфіна Беларусі (у межах плацяжоў па знешнім дзярждоўгу) па міждзяржкрэдытах Расеі і папярэднім крэдыце ЕФСР складаюць амаль 1 млрд. 150 млн. долараў. Такім чынам, сума першага траншу еўразійскага крэдыту практычна роўная памеру абавязацельстваў Беларусі перад Расеяй і ЕФСР на наяўны год.

Умовы атрымання крэдыту ЕФСР Беларусь узгадняе з Расеяй ужо прыблізна год. З заяўкай на атрыманне стабілізацыйнага крэдыту ў 3 млрд. долараў Беларусь звярнулася ў ЕФСР ў сакавіку 2015 года. Пазней падчас перамоў сума крэдыту была зніжаная да 2 млрд. долараў.

У лютым 2016 года пасля пасяджэння Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы пасол Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што рашэнне аб даванні еўразійскага крэдыту Беларусі „прынятае канчаткова і беспаваротна”, і найбліжэйшым часам крэдытная праграма будзе падпісаная.

Паводле інфармацыі БелаПАН, адной з умоў выдзялення Беларусі еўразійскага крэдыту з’яўляецца абмежаванне ў 2016—2017 гадах расходаў рэспубліканскага бюджэту на аплату працы. Мяркуецца, што ў 2016 годзе расходы беларускага бюджэту на аплату працы вырастуць не больш як на запланаваны ўзровень інфляцыі (12%). Аналагічная ўмова тычыцца 2017 года, калі інфляцыя плануецца на ўзроўні 9%, — адпаведна на гэтую велічыню можа вырасці фонд зарплаты рэспубліканскага бюджэту.

Акрамя таго, паводле звестак БелаПАН, умовай выдзялення еўразійскага крэдыту з’яўляюцца абавязацельствы Беларусі ў сферы ўстанаўлення тарыфаў на платныя паслугі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, аб тым, што ўзровень кампенсацыі насельніцтвам кошту жыллёва-камунальных паслуг вырасце ў 2016 годзе да 50% (супраць 30% у 2015-м). У канцы 2017 года, як чакаецца, насельніцтва будзе пакрываць 70% кошту жыллёва-камунальных паслуг.

Аналагічныя змены запланаваныя ў дачыненні да транспартных паслуг. Мяркуецца, што да канца 2016 года насельніцтва будзе пакрываць 65% кошту такіх паслуг (супраць 60% у 2015-м) і на 70% кампенсаваць кошт праезду ў грамадскім транспарце ў канцы 2017 года.

Яшчэ адной умовай выдзялення еўразійскага крэдыту з’яўляецца лібералізацыя цэн на тавары і паслугі (электрасувязі і паштовай сувязі), якія рэгулююцца дзяржавай.

belapan.by