Дэпутат Сейма: Пуцін адказны за злачынствы на Данбасе



Дэпутат польскага Сейма Малгажата Гасеўска апублікавала даклад пра расейскія злачынствы на Данбасе. Сведкамі сталі больш за 70 чалавек, якія распавялі пра ўмовы ўтрымання ў палоне сепаратыстаў. Частка матэрыялаў была ўзята з прэсы і нават з інтэрнэта, бо тэрарысты любяць “хваліцца” ў сацыяльных сетках.

Малгажата Гасеўска

Дэпутат Сейма правяла сустрэчу ў Варшаве, падчас якой азнаёміла грамадскасць са зместам рапарту.

Сведчанні, якія запісаныя ў рапарце, насамрэч вельмі сташныя. Дазволім сабе працытаваць толькі два “найменш жахлівыя”:

“Большасць часу напрацягу двух сутак я праляжаў на стале са звязанымі нагамі й рукамі, мне не давалі піць, есці і не выводзілі ў прыбіральню.”

Таксама: “Зачынілі нас у падвале больш за сто чалавек, для ўсіх быў адзін умывальнік і толькі дзве дзіркі ў падлозе, якія служылі прыбіральняй. Мы ўвесь час былі галоднымі, два разы на дзень нам прыносілі дзясятую частку буханкі хлеба і трохі кашы.” Як гэта страшна не гучыць, але гэта найменшыя здзекі з тых, што апісаныя ў дакладзе. На 136 старонках тэкста можна знайсці апісанні катаванняў, якія нічым не саступаюць злачынствам, якія здзяйсняліся ў засценках НКУС і Гестапа, многія людзі выйшлі з палону ўшчэнт пакалечаныя.

Там шмат драматычных апісанняў. Яны не размешчаны для сенсацыі, але для таго, каб паказаць тое, што сапраўды робіцца ва Усходняй Украіне ў XXI стагоддзі”, – гаворыць Малгажата Гасеўская  – “Найважнейшая рэч, каторая ёсць у гэтым рапарце, гэта дадзеныя злачынцаў, гэтых варвараў. Ёсць шмат прозвішчаў і імёнаў, як напрыклад, г. зв. “прэм’ер ДНР”, то бок той, каго прымалі ў еўрапейскіх салонах, альбо ў прысутнасці еўрапейскіх палітыкаў. Маю на ўвазе Менскія пагадненні. Спадзяюся, што гэты рапарт пакажа палітыкам, што гэта не партнёр для пагадненняў, а калі такія пагадненні заключаюцца ў яго прысутнасці, то бачым, які іх вынік. Быццам бы яны ёсць, тэарытычна ёсць рэжым прыпынення агню, а вайна ідзе, а ёсць ахвяры – параненыя, а час ад часу і забітыя”.

Складальнікі рапарту таксама падкрэслілі, што катаванні не былі нечым інцыдэнтальным – на гэта даваліся дазволы зверху. Малгажата Гасеўская адкрыта заявіла, што за тое, што робіцца ва Усходняй Украіне, адказвае прэзідэнт Расеі:

“Гэты даклад паказвае, што такое Расейская Федэрацыя, хто такі Уладзімір Пуцін, і што менавіта ён з’яўляецца адказным за злачынствы на Данбасе і Крыме. Спадзяюся, што гэты даклад расплюшчыць вочы многім еўрапейскім палітыкам.”

Даклад будзе перададзены ў Гаагскі міжнародны трыбунал. Летась трыбунал у Гаазе ўжо пачаў расследаванне вайсковых злачынстваў падчас расейска-грузінскай вайны:

“Тое, што Гаагскі трыбунал заняўся справай расейскіх злачынстваў, здзейсненых у 2008 годзе ў Грузіі. Гэта паказвае, што ёсць пэўная адкрытасць на такія следствы, і гэта дае нам шанец, што Трыбунал возьмецца за гэтую працу.

У нас ёсць імёны і прозвішчы тых злачынцаў, іх здымкі. Няхай не адчуваюць сябе беспакаранымі. Раней ці пазней мы іх дастанем, раней ці пазней іх спасцігне пакаранне. Калі не ў Гаазе, то напэўна іх калегі, іх кіраўнікі гэта зробяць, каб ліквідаваць сведчанні злачынстваў. Але тады яны стануць чарговымі злачынцамі, каторых мы таксама будзем пераследаваць.”

Рапарт даступны ў інтэрнэце, пакуль што толькі на польскай, ангельскай і францускай мовах.

Таксама існуе адмысловая старонка ў Фэйсбуку на польскай мове.

З дакладам ужо таксама пазнаёміліся многія еўрапейскія палітыкі, сярод іншага яго плануецца  прэзентаваць ў Еўрапарламенце, а таксама ў Бундэстагу.

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны зацікавіліся зборам такой інфармацыяй толькі пасля публікацыі рапарту ў Польшчы, а многія ахвяры катаванняў дагэтуль не атрымалі дапамогі й належнай медыцынскай апекі ад украінскай дзяржавы.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя