Міліцыя вярнула Дабравольскаму тэлефон з іншай версіяй Android



„Сёння Следчы камітэт вярнуў мой смартфон”, — паведаміў у сваім фэйсбуку збіты журналіст Павел Дабравольскі.

„Абяцаныя два дні расцягнуліся на месяц. Я думаў, што следчыя імкнуцца аднавіць відэа з будынка суда. Гэта адзіны доказ злачынства АМАПа — яно было выдаленае ў Фрунзенскім РУУС (дарэчы, ёсць артыкул за наўмыснае знішчэнне такой важнай інфармацыі?). На практыцы ўсё аказалася празаічна. Замест версіі Android 6.0.1 мне ўсталявалі 5.1.1. Цікава, навошта яны мянялі яе на больш старую: хацелі нейкай хрэні запампаваць, але іх састарэлы софт не прымаўся?” — піша Павел.

смартфон Дабравольскага

„Дарэчы, якраз сёння СК абвясціў тэндэр на закупку прылады, якая забяспечыла б доступ да выдаленай і заблакаванай інфармацыі на смартфонах. „#простасупала””, — іранізуе журналіст.

25 студзеня журналіста затрымалі ў будынку суда Фрунзенскага раёна падчас працэсу над графіцістамі, збілі, а потым аштрафавалі за нібыта непадпарадкаванне міліцыі і дробнае хуліганства. Касацыйную скаргу Паўла Дабравольскага суд не задаволіў.