У Кіеве згадалі рэферэндум 17 сакавіка 1991
У Кіеве згадвалі рэферэндум 17 сакавіка 1991 года, на якім вырашаўся лёс СССР. Колькі дзясяткаў пенсіянераў мітынгавалі каля Дзесяціннай царквы пад прасавецкімі і прарасейскімі лозунгамі. Мітынг скончыўся скандалам.
[youtube id=”qDYBcV2KxZE”]
Больш падрабязнасцяў ведае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Мітынг пенсіянераў у цэнтры Кіева распачала Наталля Вітрэнка – маргінальны ўкраінскі палітык, вядомы фанатычнай прыхільнасцю да СССР і непрыхаванай нянавісцю да ўкраінскай незалежнасці і еўрапейскага выбару Украіны. У эмацыйнай прамове Вітрэнка выказвала шкадаванне пра страчаную вялікую дзяржаву – Савецкі Саюз, а таксама праклінала Захад, Амерыку і НАТА. Пенсіянеры, прысутныя на мітынгу, патрабавалі вярнуць СССР, Кіеўскую Русь, а таксама вымагалі стварэння супольнай дзяржавы Украіны, Расеі і Беларусі.
Па хуткім часе мітынгавальнікаў разагналі ўкраінскія актывісты. Вітрэнка разам са сваімі прыхільнікамі ўцяклі. Мужныя пенсіянеры паспрабавалі бараніць транспаранты і чырвоныя сцягі, але ж частку агітацыйнага рыштунку ўратаваць не атрымалася.
Мітынг прыхільнікаў СССР у цэнтры Кіева не быў узгоднены з паліцыяй, але ж праваахоўнікі ніяк не рэагавалі на сходку камуністаў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя