Алена Кустус: У нас вельмі доўга запрагаюць
“У Беларусі могуць рабіць добры тавар, але чыноўнікі могуць распрацоўваць свае праекты гадамі”, – кажа брэсцкая прадпрымальніца Алена Кустус.
Старшыня канцэрна “Белегпрам” Мікалай Яфімчык распавёў журналістам пра беларускія джынсы, якія маюць намер рабіць на Аршанскім ільнокамбінаце пры ўдзеле Баранавіцкага вытворчага баваўнянапапяровага аб’яднання. Таксама да супрацоўніцтва збіраюцца падключыць спецыялістаў з Туркменістана.
Па словах Яфімчыка, джынсы будуць сярэдняй коштавай катэгорыі. “Лэві Страус умее рабіць, і мы зробім”, – аптымістычна дадаў кіраўнік “Беллегпрама”.
Алена Кустус: Самыя галоўныя словы ва ўсім тым, што сказана Яфімчыкам, гэта “маем намер”. Бо намераў у нашых чыноўнікам вельмі багата, а на справе ўсё заканчваецца гэдак жа, як і пачыналася. Хоць увогуле я не выключаю, што і ў Беларусі могуць зрабіць добрыя джынсы. Іншая справа, якія будуць кошты, бо спецыфіка вырабу джынсаў такая, што яны будуць праходзіць праз некалькі рук. А значыцца, падымецца і цана тавара. І яшчэ. Старшыня “Беллегпрама” заявіў, што джынсавая тканіна будзе з дабаўленне бавоўны і ільна. Дык гэта ж будуць пастаянна памятыя штаны, бо лён ёсць лён. Магчыма, сёння гэта актуальна і модна, але ж нехта ж захоча насіць і класічнае. Напэўна, не дурні туркі і кітайцы, якія ў лідарах на джынсавым рынку.
РР: А туркмены чым могуць дапамагчы беларускаму “Беллегпраму”?
Алена Кустус: Шчыра кажучы, я не бачыла туркменскіх джынсаў. Але няхай наш “Беллегпрам” спрабуе, раптам Беларусь стане джынсавай рэспублікай, калі мы будзем “абшываць” усе краіны свету. Але, паўтаруся, самая галоўная праблема тут – гэта нязграбнасць нашых чыноўнікаў. На чым выйграюць кітайцы? У іх распрацоўка адзення ідзе вельмі хутка. Новыя мадэлі распрацоўваюцца на працягу некалькіх дзён. А ў Беларусі такі ж працэс можа расцягнуцца на некалькі гадоў. У нас вельмі доўга запрагаюць, але ціха едуць. Увогуле, перш чым пра нешта заяўляць варта выпусціць на пробу першую партыю, паспрабаваць яе прадаць і паглядзець, што з гэтага атрымаецца.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя