У Бельску паразмаўляюць пра культуру
Ці маем мы ўплыў на культурнае жыццё нашага горада? Адказ на гэтае ды іншыя пытанні змогуць знайсці жыхары Бельска-Падляшскага. Тут адбудуцца грамадскія дыскусійныя сустрэчы з серыі «Паразмаўляйма пра культуру». Гэта частка праекту «Культурніцкі цягнік. Прыпынак: Бельск-Падляшскі», які рэалізуецца Бельскім домам культуры. Больш пра ідэю сустрэч, прысвечаных культуры, расказаў нашаму радыё вядучы Марэк Троц:
– Мы хочам ведаць меркаванне людзей пра тое, як выглядае культурнае жыццё ў Бельску-Падляшскім. Запрашаем да ўдзелу ў гэтым праекце ўсіх жыхароў горада, школы, арганізацыі – усіх, хто хоча нешта зрабіць на ніве культуры. Будзем гэта рабіць разам, каб культурнае жыццё Бельска адпавядала патрэбам яго жыхароў.
Бліжэйшая дыскусійная сустрэча з серыі «Паразмаўляйма пра культуру» адбудзецца 19 сакавіка ў будынку бельскага басейну «Воднік», у зале № 205. Пачатак а 16-й гадзіне.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара