Гарадзенцы далучацца да адзначэння “Гадзіны Зямлі”



Гарадзенцы далучацца да міжнароднай акцыі “Гадзіна Зямлі”. У гарадзенскай энтакраме “Цудоўня” адбудзецца вялікая імпрэза, прысвечаная гэтай акцыі. Прысутных чакаюць віктарыны на тэму экалагічнага ладу жыцця, ашчаднага стаўлення да прыроды і асэнсаванага выкарыстання рэсурсаў, а таксама акустычны выступ ад музыкаў Алеся Дзянісава, Івана Пачывалава, Васіля Валошчыка, Аляксандра Закрэўскага.

Пра мерапрыемства распавядае адзін з арганізатараў – уладальнік “Цудоўні” Андрэй Несцяровіч:

– Усе, хто неабыякава ставіцца да планеты, на якой мы жывем, то, па-мойму, мусіць далучацца да падобных акцый. Гэта своеасаблівае аб’яднанне ўсіх зацікаўленых, усіх неабыякавых да экалагічнага і этычнага стаўлення да планеты, на якой мы ўсе жывем.

Кульмінацыяй вечара стане прадстаўленне тэатра ценяў паводле кнігі „Маленькі прынц” Антуана дэ Сэнт-Экзюперы. Цені ажывуць, дзякуючы камандзе актораў і Ліхтаршчыку.

Акцыя таксама працягнецца ў гарадзенскім бары “Несцерка”, гульнявым цэнтры Партал” і студыі выяўленчага мастацтва Кацярыны Забелінай.

Беларускае Радыё Рацыя