Выстава пра адукацыю і асвету ў Новым Замку



Выстава, што мае назву “Калегіюм, гімназія, школа” адкрылася ў двух залах гісторыка-археалагічнага музея, што месціцца ў гарадзенскім Новым Замку. На ёй можна даведацца гісторыю школьнай адукацыі на Гарадзеншчыне. Стваральнікі выставы сабралі прадметы з археалагічных раскопак, калекцый гарадзенскіх калекцыянераў і фондаў музея. Прадстаўлены прадметы пачынаючы з ХІІ стагоддзя і заканчваючы савецкім часам. Пра выставу распавядае адзін з яе стваральнікаў, супрацоўнік гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея Яўген Махнач:

– Цяжка сказаць, што нейкі экспанат з’яўляецца цэнтрам прыцягнення ўсёй выставы. У кожнай вітрыне мы паспрабавалі змясціць нешта незвычайнае. Тут ёсць і вельмі рэдкаія экземпляры кніг, тут ёсць і цікавыя фотаздымкі, нават унікальныя фотаздымкі, як, напрыклад, выпускнікоў гарадзенскіх школ, якія сталі вядомымі пазней ва ўсім свеце, як вядомы філосаф Аляксандр Макавельскі, фатограф Пётр Ашумаў.

Алесь Госцеў, краязнаўца: Усё цікава, таму што падабрана з такім густам, і з такім прафесіяналізмам зроблена. Я ўжо больш за 10 гадоў узначальваю музей гісторыі педагогікі Гарадзеншчыны ў нашым ліцэі №1 і ўжо больш менш ведаю, як гэта і цяжка зрабіць, і што значыць прафесійна зрабіць. Але вось толькі зайшоў і адразу ахнуў.

На выставе кожны прысутны можа ўбачыць: лаву, на якой секлі розгамі, старыжныя кнігі, па якіх вучылі ў Іезуіцкім калегіюме, а таксама парты, за якімі яшчэ сядзелі вучні 20 і 30 год таму, і яшчэ вялікую колькасць прадметаў. Зазірнуць у гісторыю школьніцтва можна будзе цягам бліжэйшага месяцу.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя