Польская мова ў Беларусі пад негалоснай забаронай



Улады Ваўкавыскага раёна забараняюць факультатыўнае вывучэнне польскай мовы ў дзяржаўных школах. Адзінай установай, дзе мова нацменшасці гучыць легальна, з’яўляецца школа з польскай мовай навучання ў Ваўкавыску. А ў раённых школах адміністрацыі пад пагрозай звальнення забаронена арганізоўваць гурткі польскай мовы.

Адзінае выключэнне – платныя заняткі, кошт якіх – чатыры даляры за гадзіну.

Старшыня непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі Мечыслаў Яскевіч называе гэта дыскрымінацыяй:

Праблемы можна стварыць розныя. Толькі жаданне мусіць быць для гэтага. Па-мойму, ганебным ёсць тое, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гаворыць пра навучанне роднай мове, пра права дзіцяці, а ў рэчаіснасці – усё зусім інакш. І для мяне таксама незразумелым ёсць тое, што трэба вучыцца роднай мове за грошы ў школе.

Забарона факультатыўнага вывучэння польскай мовы ў Ваўкавыскім раёне тлумачыцца вялікай колькасцю жадаючых атрымаць вышэйшую адукацыю ў суседняй Польшчы. Мясцовыя ўлады, заклапочаныя такой тэндэнцыяй, вырашылі кардынальна палепшыць сітуацыю і прымусіць моладзь заставацца на радзіме.

Беларускае Радыё Рацыя