Пінск рыхтуецца да ўгодкаў абвяшчэння БНР
Грамадскасць Пінска адзначыць 98-ыя ўгодкі абвяшчэння БНР, наведаўшы родныя мясціны ды ўсклаўшы кветкі да магілы прэм’ер-міністра БНР Рамана Скірмунта. Гэта традыцыя бярэ пачатак з 1992 года, калі ў вёсцы Парэчча, на месцы пахавання выбітнага дзеяча, усталявалі крыж. У Парэччы застаўся ўнікальны парк, створаны Скірмунтам, і некалькі прамысловых пабудоў ад колішняга маёнтка. У парку Скірмунт высадзіў дрэвы, звязаныя з Канадай і ЗША, напрыклад, “цюльпанавае дрэва”.
“Гэта прыклад любові да свайго краю”, – адзначае краязнаўца Таццяна Хвагіна:
– Гэта быў чалавек незвычайны, адукаваны, разумны, патрыятычны. Ён той, хто меў план у кожнай справе, якой займаўся. Так, адной са спраў яго жыцця стаў гэты парк. Гэта прыклад для астатніх, як на берагах Ясельды можна стварыць выдатныя ўмовы для адпачынку. І каб мы сёння ашчадліва і гаспадарліва аднесліся да гэтага парку, гэта быў бы вельмі цудоўны куточак.
Постаць Рамана Скірмунта шматгранная і не адкрытая шырокаму грамадству. Выправіць сітуацыю ўзяўся вядомы гарадзенскі гісторык Алесь Смалянчук, які падрыхтаваў выданне па жыцці і дзейнасці прэм’ер-міністра Беларускай Народнай Рэспублікі.
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя, Пінск