«Арт-сядзіба» выпусціць цацкі, якія размаўляюць па-беларуску
Першай нацыянальнай цацкай стане персанаж перадачы «Калыханка» Дзед-Барадзед.
«У лялькі сумная гісторыя, – распавёў дырэктар «Арт Сядзібы» Павел Белавус у час адмысловага форуму 18 сакавіка ў менскай кавярні «Лофт», перадае «Белсат». – У «Белтэлерадыёкампаніі» яе выкінулі на сметнік. Для нас справа гонару, што Дзед-Барадзед будзе ў кожнага беларуса як напамін пра шчаслівае дзяцінства. Калі на цацку націснуць, ён будзе спяваць сваю песню».
Добра вядомыя многім беларусам запісы з „Хто я? Дзед-Барадзед. Абышоў цэлы свет» напісаў Артур Вольскі ў 1987 годзе. Перадачы з казкамі дзеда-вандроўніка выходзілі да сярэдзіны 1990-х гадоў.
Настальгічную кампанію Дзеду-Барадзеду складае іншапланецянін Паца-Ваца. Дзіцячы герой канца 90-х – пачатку 2000-х будзе вучыць беларускай мове і весці «просты дыялог па-беларуску» са сваімі будучымі ўладальнікамі. Хто будзе трэцім – у «Арт Сядзібе» пакуль не ведаюць і звяртаюцца па ідэі да публікі. Прэтэндэнтаў на цацачны сімвал 2010-х будуць выбіраць праз спецыяльны конкурс. Усе тры цацкі «Арт-Сядзіба» хоча выпусціць у Беларусі, але пакуль канкрэтных дамоўленасцяў з фабрыкамі дасягнуць не ўдалося.
«Вытворцы хочуць грошы наперад, а мы можам прапанаваць дапамогу ў продажы гатовай цацкі. У гэтым праекце мы шукаем спонсара, партнёра або інвестара, гатовага ўкласці сродкі ў выпуск трох цацак або падзяліць выдаткі на выпуск прадукта», – кажа Павал Белавус.
Фота Lstr.by