Вербная нядзеля ў Гародні
Некалькі тысяч жыхароў Гародні прынялі ўдзел ва ўрачыстай працэсіі, прысвечанай уваходу Ісуса Хрыста ў Ерусалім. У Вербную нядзелю ў абласны цэнтр прыехала моладзь з усёй Гарадзенскай дыяцэзіі. Працэсія рушыла ад Пабернардзінскага касцёла ў катэдру, дзе адбылася імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандар Кашкевіч.
Адметнасцю гэтага дня з’яўляецца шматгадовая традыцыя ўласнаручнага вырабу вялікіх пальмаў каталіцкай моладдзю.
Як зазначае пробашч парафіі Святога Францішка Ксавэрыя ксёндз Ян Кучыньскі, у гэты дзень у вернікаў пачынаецца Вялікі тыдзень, які папярэднічае Вялікадню:
— Касцёл поўны людзей, падлічваючы больш-менш прайшло ўжо больш за дваццаць тысяч вернікаў, што прыйшлі, каб асвяціць свае вербачкі. Усё гэта падкрэслівае, што вернікі рыхтуюцца да Пасхі. Сёння мы распачалі Вялікі Тыдзень і праз усе наступныя дні будзем разважаць мукі і смерць Пана Езуса, памятаючы пра тое, што няма Уваскрасення без пакутаў і смерці.
Традыцыйна Вербнай нядзеляй паводле каталіцкага календара распачынаецца Пасхальны Трыдыум. Святары ў гэты дзень заахвочваюць вернікаў да актыўнага ўдзелу ў набажэнствах, каб з чыстым сэрцам сустрэць галоўнае хрысціянскае свята.
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня