Аўгустоўская аблава. Дзе пахаваныя ахвяры?
Злачынствы савецкай улады на тэрыторыі як заходняй Беларусі, так і Польшчы, хвалююць людзей па абодва бакі мяжы. У той час, як польскія гісторыкі могуць на падставе дакументаў распавесці грамадству пра трагічныя здарэнні, іх беларускія калегі пазбаўленыя магчымасці працаваць у архівах і даследаваць злачынствы камуністычнай сістэмы.
Як зазначае гарадзенскі гісторык Юзэф Пажэцкі, да такой катэгорыі справаў адносіцца і Аўгустоўская аблава.
— Аўгустоўская аблава гэта змаганне з нязломнымі, з тымі, хто змагаўся ўжо пасля прыходу на гэтыя землі Чырвонай арміі, якая пераследавала і знішчала жаўнераў Арміі Краёвай, якія баранілі сваю Айчыну, сваю зямлю, свой дом, свае традыцыі. Савецкая ўлада і НКУС ведала, што трэба вынішчыць гэтых нязломных. Аўгустоўская аблава мела даволі шырокі ахоп, і ня толькі па тым баку Аўгустоўкай пушчы, але і па гэтым баку: увесь Сапоцкінскі раён, над Аўгустоўскім каналам. Са шмат якіх вёсак людзей таксама забралі, арыштавалі і многія з іх пасля арышту не вярнуліся дамоў. Мэтай было, вядома, вынішчыць, ліквідаваць тых непакорных, якія могуць аказваць супраціў новаму ладу і парадку: камуністычнаму ладу.
РР: Вядома, што колькасць ахвяраў Аўгустоўскай аблавы амаль 600 чалавек. Аднак, дагэтуль невядома, дзе яны пахаваныя. Якія існуюць версіі адносна месца расстрэлу гэтых людзей?
— Існуе шмат версіяў больш і менш верагодных. Паводле мяне найбольш праўдападобна, што калі іх і забілі, дык пэўна не такой вялікай групай. Я мяркую, што іх паразвозілі па розных турмах. Пэўна і ў Беласток, і ў Гародню і можа нават у Менск вывезлі частку. А калі іх і забілі недзе тут у ваколіцах Аўгустава, як сцвярджае Інстытут Нацыянальнай памяці Польшчы, дык пэўна над возерам Шлямы, якое цяпер ляжыць па абодва бакі беларуска-польскай мяжы. Трэба адзначыць, што акурат над возерам Шлямы базуецца аддзел памежнай службы. Таксама цікавая тое, што возера Шлямы спачатку цалкам было па польскім баку, але пасля Аўгустоўскай аблавы яго падзялілі напалову і там паставілі памежны аддзел. Таму, існуюць падазрэнні, што там маглі расстраляць частку асобаў, арыштаваных у час аблавы. Вядома таксама, што, ў прынцыпе, расстрэльвалі людзей пераважна ў вайсковых частках, дзе размяшчаліся аддзелы НКУС. Туды прывозілі і там расстрэльвалі. Існуюць розныя версіі, але для мяне найбольш верагодная, што іх паразвозілі па турмах, каб выбіць як мага больш інфармацыі. Кагосьці забілі раней, а кагосьці пазней. Гэта ўжо быў ня той час калі была неабходнасць расстрэльваць усіх гуртам. Трэба было выбіць як мага больш інфармацыі і толькі потым расстраляць. І зрабіць гэта можна было ў шмат якіх месцах.
РР: На ваш погляд наколькі магчыма знайсці пры сённяшніх умовах і сённяшніх уладах, як расейскіх так і беларускіх, дакументы, якія пацвердзілі б, што гэтая трагедыя сапраўды адбылася і што ажыццявілі гэта супрацоўнікі НКУС.
— Мне здаецца гэтак дакладным, бо НКУС пасля 1945 года дакладна складаў рапарты і высылаў у Менск, або ў Маскву, да Бэрыі. Тым больш, што Аўгустоўскую аблаву адсочвалі з Масквы. З Масквы кінулі палкі СМЕРШ адмыслова дзеля падаўлення супраціву і арыштавання ўсіх падазраваных. Таму гэтыя рапарты былі дакладна і некалі яны выйдуць на свет, а цяпер яны па просту знаходзяцца пад грыфам сакрэтнасці. Я не веру, што іх забілі расстралялі, а ніхто не склаў ніякага рапарту.
РР: З беларускага боку, ці існуе прыкладная лічба людзей, якія не толькі загінулі, але і трапілі ў поле зроку супрацоўнікаў спецслужбаў?
— Такіх людзей тут дакладна было нямала. І з самога Сапоцкіна і з Вулькі і з Калетаў і з Кодзеўцаў і са шмат якіх іншых населеных пунктаў па гэтым баку мяжы ля Аўгустоўскага каналу. Арыштавана было некалькі дзясяткаў чалавек і каля дваццаці з іх не вярнуліся дамоў пасля гэтай трагедыі. Хутчэй за ўсё іх забілі.
РР: Чаму гэта тэрыторыя стала месцам правядзення такой аперацыі?
— Перш за ўсё тут былі вельмі спрыяльныя месцы для партызанскай дзейнасці і супраціву савецкай камуністычнай уладзе, бо шмат лясных абшараў. Па-другое насельніцтва бо нескамунізаванае, як у іншых месцах. Тут былі згуртаваныя асяродкі польскага насельніцтва, таму тут не было арганізаваных групаў, якія дапамагалі б НКУС і выдавалі жаўнераў Арміі Краёвай. Таксама сюды, у Аўгустоўскую пушчу напрыканцы 1944 калі сюды ўжо ўвайшлі саветы, у 1945-м годзе прыбывалі паасобныя групы пасла расфармавання АК. І там, у Аўгустоўскай пушчы мела адбывацца канцэнтрацыя тых атрадаў. У 1944 годзе, калі савецкія войскі ўвайшлі на гэтую тэрыторыю колькасць жаўнераў АК магла налічваць каля сямі тысячаў. Тая канцэнтрацыя адбывалася па розных прычынах, але таксама праз спрыяльныя геаграфічныя варункі: лясы, у якіх можна было схавацца, а таксама насельніцтва, якое было вельмі лаяльным да польскіх партызанаў.
Дзякуючы падтрымцы людзей, узброены антыкамуністычны польскі супраціў на тэрыторыі Гарадзенскай вобласці існаваў да канца 50-х — пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Пра гэта сведчаць мемарыяльныя табліцы на будынках аддзелаў унутраных спраў у памяць пра міліцыянтаў, якія згінулі ў сутычках з польскімі патрыётамі.
Беларускае Радыё Рацыя