Новы пасол Польшчы прыбыў у Беларусь
Новы пасол Польшчы Конрад Паўлік прыбыў у Беларусь, паведамілі ў польскім пасольстве ў Менску.
Конрад Паўлік уручыў 21 сакавіка копіі даверчых грамат міністру замежных спраў Беларусі Уладзіміру Макею.
Як паведамляе прэс-служба МЗС, падчас сустрэчы „адбылося абмеркаванне актуальных тэм беларуска-польскага супрацоўніцтва, у тым ліку пытанняў палітычнага дыялогу, удасканалення дагаворна-прававой базы, трансгранічнага ўзаемадзеяння, сумесных праектаў у культурна-гуманітарнай сферы”.
Адзначаецца, што асаблівая ўвага была нададзеная падрыхтоўцы рабочага візіту ў Беларусь 22—23 сакавіка міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага.
Запланаваныя яго перамовы з Уладзімірам Макеем. Міністры абмяркуюць увесь спектр двухбаковых адносін, надаўшы асаблівую ўвагу тэматыцы эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеянне ў межах міжнародных і рэгіянальных арганізацый, сітуацыю ў рэгіёне, удакладнілі ў МЗС.
Конрад Паўлік — прафесійны дыпламат. У МЗС Польшчы з 2007 года. З 2010 па 2012 гады працаваў ў пастаянным прадстаўніцтве Польшчы пры Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD) у Парыжы.
У 2012—2014 гадах быў намеснікам дырэктара дэпартамента па справах Усходняй Еўропы МЗС, а пазней дырэктарам. Займаў пасаду ўпаўнаважанага міністра замежных спраў па справах Усходняга партнёрства.
Апошнія два гады Конрад Паўлік каардынаваў замежную дапамогу Польшчы, супрацоўніцтва з палякамі замежжа, усходнюю палітыку і пытанні бяспекі.
Новаму польскаму паслу ў Беларусі 39 гадоў. Ён нарадзіўся ў Варшаве. Скончыў факультэт міжнародных эканамічных і палітычных адносін Галоўнай гандлёвай школы. У 2001—2006 гадах працаваў у Орхускім універсітэце ў Даніі, абараніў там доктарскую дысертацыю.