Менскае „Дынама” ўпершыню ў групе Лігі Еўропы



Менскае „Дынама”, адолеўшы ў гасцях партугальскі „Насьёналь” з лікам 3:2, упершыню ў сваёй гісторыі выйшла ў групавы этап Лігі Еўропы. На 29-й хвіліне гаспадары поля выйшлі наперад, пасля таго як Марку Маціяш рэалізаваў пенальці. Але даволі хутка менчукі выправілі сітуацыю: спачатку Удоджы параўняў лік, а затым Слабадан Сімавіч вывеў „Дынама” наперад. У другім тайме каманды абмяняліся галамі. У „Насьёналя” вызначыўся Алі Газаль, а ў мінчан дубль аформіў Удоджы. Адзначым, што ўсе свае галы дынамаўцы забілі галавой. Першая сустрэча ў Мінску таксама прынесла перамогу „Дынама” з лікам 2: 0. А вось салігорскі „Шахцёр” выйсці ў групавы этап Лігі Еўропы не змог, саступіўшы тытулаванаму нідэрляндскаму ПСВ з лікам 0:2. Матч прайшоў у роўнай барацьбе, але на апошніх хвілінах матчу клас шматразовага чэмпіёна Нідэрляндаў усё ж такі адыграў сваю ролю. Абодва галы забіў бронзавы прызёр апошняга чэмпіянату свету Мэмфіс Дэпай. У першым матчы „Шахцёр” саступіў з лікам 0:1.

Беларускае Радыё Рацыя