Валерый Шчукін: Апазіцыі ў парламенце не будзе
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі Валерый Шчукін дае свой прагноз адносна ўдзелу прадстаўнікоў беларускай апазіцыі ў парламенцкай кампаніі-2016.
Як заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, тэма прысутнасці апазіцыі ў парламенце пастаянна гучыць на сустрэчах прадстаўнікоў улады з заходнімі палітыкамі.
Па словах палітыка, на Захадзе перыядычна гучаць заклікі да беларускай апазіцыі, каб тая выступіла адзіным спісам на выбарах, выставіўшы па адзінаму кандыдату ў дэпутату ў кожнай акрузе.
Валерый Шчукін: Маё меркаванне такое: апазіцыі ў парламенце не будзе. Можа быць, які-небудзь Гайдукевіч і патрапіць туды, але не лічыць жа яго апазіцыянерам. Уладзе непатрэбныя апаненты, яна грудзьмі стане на шляху такіх людзей. Сістэма адпрацавана, навошта яе ламаць? А, калі раптам нехта і стане дэпутатам, дык гэта будзе дакладна не прадстаўнік апазіцыі, які будзе нешта казаць супраць улады альбо пачне змагацца супраць антынародных законаў. Адным словам, прапусціць могуць каго заўгодна. Але на якіх умовах? Гэта мы ў свой час маглі сказаць у парламенце ўсё што думаем, але цяпер зусім іншыя часы.
РР: На ваш погляд, у роўнай барацьбе ці былі б шанцы у прадстаўнікоў апазіцыі на перамогу?
— Справа не ў барацьбе, а ў падліку галасоў. Да таго часу, пакуль гэтая працэдура будзе непразрыстая, няма сэнсу нешта нават абмяркоўваць з гэтай нагоды. Чаму ўлада не ідзе на празрыстасць у падліку? Калі вы ўпэўнены ў сваёй перамозе, зрабіце яе такой, каб ні ў каго нават пытанняў не ўзнікала, бо ў такім выпадку ўсе пытанні здымаюцца аўтаматычна. Але ж не ідуць на такі крок, баяцца.
РР: Ці варта прадстаўнікам дэмакратычнай грамадскасці ісці на парламенцкія выбары адзіным спісам, выставіўшы па адзіным кандыдаце ў кожнай акрузе?
— Гэта нерэальна. Па-першае, я не веру, што людзі, якія называюць сябе апазіцыяй, змогуць паміж сабой дамовіцца, бо яны гэта не могуць зрабіць ужо на працягу доўгіх гадоў. Па-другое, у кожнай акрузе свой народ і свае выбарцы. Можа быць, я падыходжу для горада, але не падыходжу да вёскі, дзе мяне ніколі не абяруць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя