Дзень Волі – 2016
Зварот да Беларускага Народу
Дарагія Суродзічы,
98 гадоў таму – ранічкай 25 сакавіка 1918-га – на нашай зямлі адбыўся цуд: паняволены, зняможаны вайной беларускі народ заявіў, што “ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай”.
Сёньня Беларусь жыве!
Жыве, дзякуючы рашучасці нашых продкаў у 1918 годзе, але таксама дзякуючы жыццяздольнасці кожнага з нас!
Дваццатае стагоддзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу – высылкі, расстрэлы, дыктатуры, выгнанне траціны нашага народу ў замежжа. Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуццё годнасці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывём, і жыве Беларусь!
Дарагія суродзічы, прыпамінаю цяжкія часы, каб вы не знеахвоціліся. Калі мы часам робімся больш асьцярожнымі, ці памяркоўнымі, гэта таму, што адчуваем, што нам трэба іх перажыць.
Сёння, аднак, хачу яшчэ раз выказаць вам сваю веру, што мы дасягнем тае лепшай будучыні, пра якую мы марым. Пацверджанне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі – калі 25 жніўня 1991 году беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасць, здзейсніўшы мару пакаленьняў. І вось ужо чвэрць стагоддзя наш край незалежны – хаця ўсё яшчэ не свабодны.
Але прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, час, калі наш край далучыцца да сям’і заможных і паважаных еўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі.
Жадаю вам сёння мужнасці і вытрываласці. Мы яшчэ пабачымся у вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў.
Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
Сакавік 2016
* * *
Дзень Волі-2016 у Беластоку
27.03.2016 (нядзеля) – 8.00 Царква Агія Сафія ў Беластоку, вул. Травяста, 5
— Св. Літургія, пасля першай Літургіі ― малебен за беларускі народ.
31.03.2016 (чацвер) – 17.00 Кафэ „Zmiana Klimatu”, вул. Варшаўская, 6.
Святкаванні Дня Волі ў Беластоку, у праграме між іншым:
– Канцэрт беларускіх песень у выкананні дзяцей і моладзі, якія вывучаюць беларускую мову
Запрашаюць: Беларускае Радыё Рацыя, Тыднёвік беларусаў у Польшчы „Ніва”, АББА, Беларускі саюз, Беларускае Гістарычнае Таварыства, БАС.
* * *
Дзень Волі-2016 у Гайнаўцы
25.03.2016 (пятніца) – 17.00 Музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы, вул. 3 мая, 42.
У праграме:
– Выступ прафесара Алега Латышонка, прысвечаны падзеям 1918 года і абвяшчэнню БНР. Пачуем расповед пра выхадцаў з Падляшша, якія спрычынілся да тых гістарычных часоў (Язэп Варонка, Мікола Дзямідаў ды іншыя).
– Паказ фільма аўтарства Радаслава Дамброўскага „Вольны”, прысвечаны выдатнаму беларусу Юрыю Туронку.
– Канцэрт у выкананні Алега Кабзара.
Запрашаюць: BAIIIA HIBA ― першая газета не на паперы, Тыднёвік беларусаў у Польшчы „Ніва”, Беларускае Радыё Рацыя.
* * *
Дзень Волі-2016 у Гародні
* * *
Дзень Волі-2016 у Менску
25.03.2016 (пятніца)
17.00 – Ускладанне кветак да помніка Янкі Купалы
18.00 – Мітынг на пляцоўцы ля Акадэміі навук
* * *
Дзень Волі-2016 у Вільні
25 сакавіка 2016 года ў Вільні ўсе беларусы збяруцца разам, каб адсвяткаваць Дзень Волі. Гэта памятная дата будзе адзначана шэрагам разнастайных мерапрыемстваў.
У гэты дзень у 1918 годзе была прынятая Трэцяя Устаўная грамата, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Каб разам успомніць падзеі тых гадоў, мы збярэмся ў 12.30 на віленскіх могілках Росы і ўрачыста ўшануем памяць выбітных дзеячоў БНР, дзякуючы якім і з’явіўся Дзень Волі. Пасля гэтага, а 13.00 распачнецца актыўная частка праграмы – тэматычная гульня-арыентаванне па Старым горадзе Вільні. У час гульні каманды змогуць у займальнай форме даследаваць горад, наведаць мясціны звязаныя з дзейнасцю БНР. Каманды маюць складацца з 2 да 4 чалавек. Для рэгістрацыі на гульню трэба запоўніць наступную форму. Каманда-пераможца атрымае бясплатную паездку ў Трокі ад Vilnius Relax, а таксама сувенірныя прызы ад “Арт Сядзібы”.
У 15.30, у бібліятэцы імя Урублеўскіх, пройдзе адкрыццё выставы прысвечанай Беларускай Народнай Рэспублікі і адбудзецца адкрытая лекцыя “Семь год мары: у пошуках Беларусі” Андрэя Чарнякевіча – вядомага даследчыка нацыянальнай спадчыны ў Беларусі.
Святочная праграма завершыцца а 19.00 канцэртам маладога і таленавітага гурта NAVI. Беларускія музыкі выканаюць свае самыя новыя сінглы, а таксама тыя песні, якія ўжо паспелі стаць улюбёнымі мелодыямі беларусаў. Канцэрт будзе праходзіць у маляўнічым раёне Ужупіс, у бары “Užupio kavinė”.
Святкаванні Дня Волі былі арганізаваныя супольнымі сіламі Студэнцкага прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Моладзевай асацыяцыяй «StudAlliance», Беларускім домам правоў чалавека імя Б. Звозскава і Таварыствам беларускай культуры ў Літве. Мерапрыемствы сталі магчымымі пры падтрымцы Культурнай пляцоўкі «Арт Сядзіба», агенцтва «Vilnius Relax», Альянсу лібералаў і дэмакратаў за Еўропу і чальца Еўрапарламента Пятраса Аўштравічуса.
25 сакавіка ўсе беларусы атрымаюць цудоўную магчымасць сабрацца разам, каб актыўна і цікава адзначыць адну з самых важных падзей года – Дзень Волі. Усе арганізатары і партнёры шчыра запрашаюць да ўдзелу ўсіх ахвотных!
Арганізатары: Студэнцкае прадстаўніцтва Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта; Моладзевая асацыяцыя «StudAlliance»; Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава; Таварыства беларускай культуры ў Літве.
Партнёры: Культурная пляцоўка «Арт Сядзіба»; агенцтва «Vilnius Relax»; Альянс лібералаў і дэмакратаў за Еўропу.
* * *
Так мы святкавалі Дзень Волі ў Беластоку летась… Кацэрт VINSENT-a
(13 трэкаў):