Федэрацыя прызнала памылку суддзі ў матчы за Суперкубак



На пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі футбола была прызнаная памылка галоўнага суддзі падчас матчу за Суперкубак паміж БАТЭ і салігорскім «Шахцёрам», які няправільна залічыў узяцце брамы салігарчан. Пра гэта паведаміў старшыня асацыяцыі Сяргей Румас, перадае БелТА.

„Спрэчныя эпізоды былі разгледжаны экспертамі АБФФ. Яны, праўда, не ўсе, але пагадзіліся з меркаваннем, што гол барысаўчан залічваць было нельга. Памылкі бываюць у многіх. На матч за Суперкубак краіны прызначаліся лепшыя арбітры. Чутныя ўжо прапановы адхіліць галоўнага суддзю Віталя Севасцьяніка ад працы. Аднак калі гулец не забівае вырашальны пенальці ў самым канцы матчу, яго ж адразу не выганяюць з каманды. Звярніце ўвагу, як мяняюцца эмоцыі кіраўнікоў клубаў, трэнераў з нагоды працы арбітраў адразу пасля фінальнага свістка і праз нейкі час. Пытанне судзейства – заўсёды прычына спрэчак”, – падкрэсліў Сяргей Румас.

Нагадаем, што пры першым голе мяч пасля ўдару Мірка Іваніча ўляцеў у браму Уладзіміра Бушмы, пры гэтым Віталь Радзівонаў перашкодзіў брамніку. Беларускі форвард БАТЭ знаходзіўся ў гэты момант у становішчы «па-за гульнёй», але суддзя не стаў адмяняць гол, вырашыўшы, што афсайд Радзівонава быў пасіўным.

Матч завяршыўся з лікам 2:1 на карысць БАТЭ.