Аляксандр Сілкоў: Пакажыце падлік галасоў!
Рэгіянальны кіраўнік кампаніі «Права выбару» Аляксандр Сілкоў распавядае пра будучую парламенцкую кампанію і свой магчымы ўдзел у назіранні.
Аляксандр Сілкоў: Мы да гэтага часу не вызначыліся з тым, ці будзем прымаць удзел у назіранні за выбарамі. Шукаем рэсурсы, магчымасці… Пакуль у нас ёсць толькі жаданне ўдзельнічаць у кампаніі, праводзім некаторую падрыхтоўчую працу. Вызначаем спіс патэнцыйна моцных прэтэндэнтаў, дзе плануем арганізаваць татальнае назіранне.
РР: Што ўвогуле думаеце пра будучую парламенцкую кампанію?
Аляксандр Сілкоў: Сістэма адпрацавана так, што вынікі галасавання можна як сфальсіфікаваць, так і паказаць пры неабходнасці «празрыстасць» працэдуры. Хоць, калі браць у цэлым, то тут нічога не зменіцца. «Чужых» у парламенце не будзе. Вазьміце спісы ўчастковых камісій з мінулых выбараў і параўнайце іх з сёлетнямі. Упэўнены, што шмат там нічога не зменіцца.
РР: Тады якая будзе роля назіральнікаў, калі «нічога не зменіцца»?
Аляксандр Сілкоў: Па некаторай інфармацыі, у апошні час пачынае расці колькасць людзей, якія не давяраюць вынікам выбараў. І наша задача — паказаць, што выбары праходзяць непразрыста. Паказаць і знешняму спажыўцу, і ўнутранаму. Вельмі важна, каб людзі разумелі, што іх падманваюць. Палова беларусаў не вераць выбарам, але ж палова лічыць, што яны справядлівыя.
РР: Адным словам, вы можаце толькі нешта паказаць, але ніякім чынам паўплываць на сітуацыю не ў стане.
Аляксандр Сілкоў: Пакуль не можам. Зараз проста трэба паказваць насельніцтву існасць беларускай выбарчай сістэмы. Іншая справа, што Беларусі цяпер неабходныя заходнія грошы, а таму на выбарах могуць пусціць нейкі пыл у вочы. Але гэта будуць абсалютна касметычныя змены. Хоць нашы патрабаванні вельмі простыя і зразумелыя: пакажыце бюлетэні і падлік галасоў! Гэта самае галоўнае. Але ўлады на гэта ніколі ў жыцці не пойдуць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя