Аўтаспынам з Полацка ў Грайфсвальд
Узяў я бутэрброды і паехаў у горад на поўначы ФРГ – Грайфсвальд. Там у дактарантуры вучыцца мой сябар.
Алесь Круткін
За дзень да вандроўкі падумаў: чаму б і не? Дамовіўся з сябрам сустрэцца ў старажытным нямецкім гістарычным месцы, а з сяброўкаю Анхелай Эспіносай – у Варшаве. Пачалося ўсё з таго, што вельмі доўга не мог знайсці ў Полацку польскія злотыя. Такі і не знайшоў. Узяў 5 еўра і 3 даляры ды выйшаў на аўтаспын.
Першая машына паехала на Мёры. Мне падавалася, што Браслаў мяжуе з Літвою, але, аказваецца, там Краслава – Латвія. Вярнуўся назад на шашу і даехаў да Глыбокага. Кіроўца мне кажа: «Бачыш транспартную інспекцыю? Гэта Аляксей. Калі што – звяртайся, дапаможа са спынам». Але абыйшоўся без Аляксея. Дабраўся да павароту на Паставы. Пасля, як спяваецца ў вядомай ірляндскай песні Rocky Road to Dublin, “Усе прыпасы з’еў. ..”. Але заставаўся кампот, і настрой быў цудоўны.
Да Грайфсвальда заставалася каля 1300 км. Бліжэй да сямі вечара адзін дальнабойшчык давёз мяне да мяжы праз Астравецкі раён. Там была вялізная чарга цяжкагабарытных машынак, таму я, палячы цыгарэту за цыгарэтаю, урэшце знайшоў паляка з Віленшчыны, які перавёз мяне праз мяжу. Паляк вельмі рэзка выказваўся наконт літоўцаў на расейскай мове. Былы літоўскі памежнік, працаваў на мяжы 11 год, чакаў жонку з Беларусі стоячы на мяжы. Гутарылі з ім каля гадзіны, а тое і болей.
Асабліва запомнілася гісторыя пра дзікоў і ласёў. Уетнамцы пераходзяць мяжу кожны дзень, а беларускія памежнікі на сляды кажуць, што гэта дзікі. Літоўцаў гэта вельмі злавала, але яны разумелі, што беларусы проста баяліся вышэйшага начальства, таму ва ўетнамцаў і «вырасталі» прыкметы ласёў ды дзікоў.
Расеец з Калінінграда давёз да аўтазапраўкі пад Марыямпале, і тут пачалася першая начная варта. Купіў кавы і стаяў да раніцы. Літоўцы на запраўцы казалі, што ў Польшчу не едуць, машыны на шашы не спыняліся.
Бліжэй да раніцы такі ўзяў паляк і давёз да Сувалак. Віват, Польшча! У Сувалках нейкі дзядзечка давозіць да Аўгустова, дзе зноў завісаю на пару гадзін ля нейкай кавярні. Набываю за даляры капучына. Грошаў застаецца мала. Дамаўляюся з польскім дальнабойшчыкам шаноўнага ўзросту, і едзем праз Ломжу да Гліноецка. Кіроўца вязе на базу мяса, у кабіне сушацца кілбасы. Мы сядзім і ямо мясныя стравы, на дарогу ён мне таксама крыху пакінуў — з паўкілі.
Далей шпацыр да Гліноецка і спроба прарвацца да Грайфсвальда праз Гданьск. Транспарт спыніўся даволі хутка, але кіроўца мне паведаміў і нават паказаў у інтэрнэце на мапе, што лепей мне ехаць праз Торунь. Лепей – значыць лепей. Дарэчы: ад кіроўцы, што частаваў кілбасою, патэлефанаваў з раніцы Анхеле і паведаміў, маўляў, так і так — прыеду ў госці пасля Грайфсвальда. Бо павінен быў яшчэ ўвечары мінулага дня ў Варшаву прыехаць. Машына ехала такі да Варшавы, але я выйшаў на павароце, дзе шаша S10. Шаша на Торунь, Быдгашч, Шцэцін.
Адзін паляк падарыў мне польскую мапу (перад тым, як павярнуць на Плоцк), таму настрой у мяне быў някепскі. Праехаў пару мястэчак ад Дробіна (Шэрпц, Ліпна) і ўрэшце дабраўся да Торуня. Тут пачаліся прыгоды… У сам Торунь заходзіць не стаў, але спрабаваў прарвацца праз нейкія штуковіны, дзе аплачвалі дарогу. Спрабаваў-спрабаваў, пакуль нейкая пані мяне не прагнала — там стаяць было нельга. Станавілася цёмна…
Бац – паляк на Лодзь. Ну Лодзь так Лодзь. Задумаў прайсці праз Познань, як кажуць там, «на немцы». Паляк давез да Влацлавека. Цудоўны горад. Нейкі польскі дрэс адсыпаў мне пенёндзаў на папяросы, нейкая маладая прыгожая паненка хвілін 20 тлумачыла дарогу на Познань. Затым паляк, што 6 месяцаў працуе ў Вялікабрытаніі, а яшчэ паўгады ў Ганконгу, давозіць мяне да зручнага павароту.
Там мяне падбірае ўкраінец з Валыні. Гутаркі пра палітыку і кулінарыю… Высаджвае мяне ў Інавроцлаве, і з некалькімі перасадкамі (у прыватнасці, гутарыў з маладымі палякамі пра польскую музыку і кінематограф) урэшце дабіраюся да Быдгашча. Гуляю па Быдгашчу. Ноч. Некаторыя палякі п’юць піва «з гарла». Іду 6 км да шашы на Шчэцін. Двое сутак толкам без сну і досыць зімнае надвор’е не дадае весялосці, але нарэшце, дацягнуўшыся да скрыжавання, урываюся да дальнабойшчыка. Едзем. Сплю. Спыняемся.
Новая машына. Сплю. Больш-менш сагрэўся. Самы шчаслівы чалавек на свеце. Яшчэ б пад’есці… Машына да Шчэціна пасля трох гадзін стаяння ў нейкай вёсцы! Кіроўца распавядае пра стан сельскай гаспадаркі ў Польшчы. Ён працуе нейкім кансультантам, фактычна мой аднагодка, і ўрэшце, бачачы, што я вельмі стомлены, дае мне 20 злотых. Кажа: вось табе грошы, а ты, хоць і атэіст, памаліся за мяне ўвечары. (Ну мы з сябрам у Грайфсвальдзе і памаліліся) На мяжы з Нямеччынай узяў піцу і цыгарэт і дамовіўся з украінскім дальнабойцам рушыць на поўнач. Яму трэба было ў Данію. На павароце ён высаджвае мяне за 10 км да Грайфсвальда.
Лаўлю машынку з немцам — і вось ён, знакаміты гістарычны горад! Турызм, турызм, і яшчэ раз турызм. Ну і піва, безумоўна. Грайфсвальд — гэта суцэльны іншасвет. Старжытных будынкаў больш, чым ва ўсёй Беларусі. Готыка, барока і гэтак далей. Ветлівыя бюргеры і вельмі шмат студэнтаў. Адно шкада —не паспелі з сябрам схадзіць за 5 кіламетраў на Балтыйскае мора. А так, на дадзены момант, гэта самы прыгожы горад, які я калі-небудзь бачыў…
Дарога назад была вельмі цяжкай. Дакладней, дарога ў госці ў Варшаву да маёй гішпанскай сяброўкі. Беўзумоўна, вельмі хутка дабраўшыся да аўтабану, я сустрэў дэмакратычную нямецкую паліцыю. Аказваецца — на аўтабане стаяць нельга. Але я пад іх ветлівымі магічнымі словамі быў вымушаны сысці з дарогі на менш значную каляіну.
Стаяў вельмі доўга, пакуль мяне не падабралі да Берліну немец Ян і яго жонка-украінка Іна. Іна была за стырном. Ян — вясёлы дзядзька. Бывала, выкіне каробку з недапалкамі і шалупіннем ад семак наўпрост у вакно — і пачне смяяцца. Нямецкі парадак і дысцыпліна задавальняюць не ўсіх. Ян не падобны да стэрэатыпнага немца. З Інай гутарым пра розныя рэчы —побыт у Нямеччыне і гэтак далей. Што там за дзвярыма? І зноў, ё-маё! Ноч пад Берлінам! — Гутэн Абэнд! Іх фарэ Франкфурт Одэр! Я? — Іх фарэ Гамбург, — прамаўляе дальнабойшчык год пяцідзесяці з пафарбаванымі ў ружовы колер валасамі. Іншыя таксама не ехалі на Франкфурт-на-Одэры. Але бліжэй да раніцы адзін немец на легкавіку падвозіць мяне да Вроцлава. Не зусім прамая дарога на Варшаву, але тым не менш. Набывае мне і сабе каву і нейкую булачку з мясам. Едзем, камунікуем. Дакладней, спрабуем камунікаваць. Але зрэшты паступова пачаў прыгадваць многія нямецкія словы, будаваць сказы. Экстрым — лепшае для авалодання моваю. Польскай мовы для гэтай вандроўкі фактычна хапіла. Нямецкай жа — ровень расейскамоўнага чукчы з савецкіх анекдотаў.
Пад Вроцлавам даведваюся, што ў Польшчы, аказваецца, таксама ёсць аўтабан. Мяне зганяе нейкая дарожна-рамонтная служба. Іду нейкай дарогай да Мухаморбура, ці як там звалася гэнае места. Там набываю чакаладку, мяняю машыны, слухаю лекцыю аднаго ўкраінца пра тое, што дзіцячыя памперсы ва Украіне каштуюць вельмі шмат, а ў Польшчы танней. Нарэшце Лодзь і Варшава. Але да Варшавы дабіраюся з прыгодамі.
«Брат за брата» — вось што ў балгар узята. Вязе балгарын, і тут машына ламаецца. Я свячу ліхтарыкам, варшаўскі балгарын рамантуе. Едзем няшмат. Набываем каву і чакаем яго братоў. Браты дапамагаюць, і нарэшце Варшава! Але ўжо каля 12 ночы.
Дабіраюся на аўтобусе, затым іду пешшу, даўшы грошаў на пляшку піва дзядзьку-выпівоху, якога сустрэў па дарозе. Ідзем з тым дзядзькам і пацягваем польскае піва, і нарэшце я ў гасцёх у цудоўнай гішпанска-беларускай паэткі, філолага і проста прыгожай і разумнай дзяўчыны Анхелы Эспіносы.
Пабыўшы дзень у гасцёх і пазычыўшы ў аднога варшаўскага сябра 50 злотых на дарогу, еду да Бяла-Падляскі, а затым, пагутарыўшы з нейкай пенсіянеркай — настаўніцай інфарматыкі, у якой нібыта скралі грошы, у гонар 8 сакавіка даю ёй на піва; набываю і сабе пляшку. Даязджаю да Тэрэспаля. Жыве Беларусь!
Прышпільны выпадак быў уначы: на аўтазапраўцы папрасіў кіроўцу грузавой машыны падвезці, дык калі пачалі гутарыць, ён кажа: «Сам я з Віцебску, а родам з Гарадоцкага раёна». А я кажу: «Ведаю такі раён. Мой дзед адтуль родам, з вёскі Кісялі». А ён такі: «Дык я ж з Кісялёў родам!». Калі я назваў сваё прозвішча, высветлілася, што ягоны старэйшы брат сябравалі калісьці, год 30 таму, з маім бацькам сябравалі.
Таксама падвозіў ноччу нейкі дзядзька з Пінску, які валодае турыстычнай фірмай у Варшаве. Пагутарылі. Калі ён дазнаўся, што я займаюся гісторыяй, кажа: «Запішы мой эмэйл, польскі і беларускі тэлефон і адрас сайту». Сказаў, што, можа, чым дапамагу яму наконт гісторыі. У калятурыстычных мэтах.
Яшчэ падвозіў нейкі дзядзька з Піцера, у якога, аказваецца, шмат знаёмых з полацкай рок-н-рольнай тусоўкі, якіх я ўсіх ведаю. 9 сакавіка 2016г. — я ў Полацку.
Алесь Круткін, 09.03.2016 г.