Вярхоўны суд не задаволіў скаргу журналісткі (абноўлена)



„Іншага я і не чакала”, – кажа журналістка нашага радыё Таццяна Смоткіна. Яна атрымала адказ на наглядную скаргу ў Вярхоўны суд па адміністрацыйнай справе, калі яшчэ ў ліпені мінулага года яе аштрафавалі на 4,5 мільёны рублёў. Артыкул вядомы многім незалежным беларускім журналістам – 22.9, «незаконны выраб прадукцыі СМІ і праца без акрэдытацыі на замежнае выданне». Намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Аніскевіч у афіцыйным адказе паведаміў журналістцы, што яе скарга была разгледжана, але суд не знайшоў падставаў для адмены рашэння, абвешчанага летась у Глыбокім.

Журналістку Таццяну Смокіну здзівіла, што яе аргументы не знайшлі свайго пацверджання.

– Адказ заснаваны на неправільным тлумачэнні закона. Я не лічу, што юрысты БАЖу, якія мне дапамагалі складаць скаргу, не ведаюць закона ці недастаткова добра яго тлумачаць.

Таццяна Смоткіна, як і 12 іншых беларускіх журналістаў, летась прызнаная вінаватай у нібыта незаконным вырабе і распаўсюджванні прадукцыі праз замежнае СМІ без акрэдытацыі.  У 2015 годзе беларускія суды абвясцілі 28 пастановаў па артыкуле 22.9, у 2016-м – ужо 7.

Пытанне акрэдытацыі незалежных журналістаў – выключна палітычнае – кажуць ў Беларускай асацыяцыі журналістаў. Вярхоўны суд не задаволіў наглядную скаргу карэспандэнта нашага радыё Таццяны Смоткінай, дзе яна абскарджвала штраф па артыкуле 22.9 Кодэкса адміністратыўных правапарушэнняў за так званы, «незаконны выраб прадукцыі СМІ і працу без акрэдытацыі на замежнае выданне». Тут гаворка ідзе не пра права, а пра палітыку – каментуе прысуды беларускім журналістам на падставе гэтага артыкулу — старшыня БАЖ Андрэй Бастунец.

— З прававога пункту гледжання няма складу правапарушэння, каб прыцягваць журналістаў да адказнасці па тым артыкуле, але гэта усё адно адбываецца надалей. Значыць, гаворка ўжо ідзе не пра права, а пра палітыку, і толькі высілкі пэўных палітычных еўрапейскіх чыноўнікаў, палітычных дамоўленасцяў могуць прывесці да змены сітуацыі, але я не ўпэўнены, што гэта адбудзецца.

Паводле Андрэя Бастунца сама працэдура акрэдытацыі супярэчыць Канстытуцыі і міжнародным нормам, якіх прытрымліваецца Беларусь. Вырашыць пытанне могуць толькі палітыкі. А Беларускае Радыё рацыя – ужо неаднаразова падавала на акрэдытацыю у МЗС, нам адмаўлялі – заўважае праграмны дырэктар Юрка Ляшчынскі:

— Мы будзем і далей спрабаваць, да канца. Калі мы кажам пра ацяпленне адносінаў, пра дэмакратызацыю палітычнага і грамадскага жыцця ў Беларусі, тады трэба чакаць, што яны нарэшце акрэдытуюць і нашых журналістаў. Цяпер усе глядзяць на Беларусь як на краіну, у якой пачаліся дэмакратычныя працэсы, дык хай улады Беларусі пакажуць, што яны сапраўды ідуць да лепшага.

Пытанне акрэдытацыі для незалежных СМІ, якія пераважна сваё вяшчанне вядуць з Польшчы таксама гучала і падчас сустрэчы міністраў замежных справаў Польшчы і Беларусі. Пытанне тычылася тэлеканалу Белсат, але ніякага адэкватнага адказу пакуль няма.

Таццяна Смоткіна рыхтуе зварот у Камітэт па правах чалавека ААН.

q1

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя