Ці стабілізаваўся беларускі рубель?



Старшы аналітык кампаніі “Альпары” Вадзім Іосуб патлумачыў, з чым звязана стабілізацыя ў сакавіку беларускай нацыянальнай валюты.

Вадзім Іосуб

24 сакавіка на таргах у Мінску даляр ЗША вырас на 117 рублёў да 20.278 беларускіх рублёў, а еўра падаражэў на 66 рублёў да 22.632.

Тым не менш, з пачатку месяца даляр стаў каштаваць на 1228 беларускіх рублёў менш, еўра – на 918.

Вадзім Іосуб: У апошні месяц з беларускім рублём адбываецца роўна тое, што адбывалася з ім і раней. Мы бачым вельмі моцную залежнасць нацыянальнай валюты ад цэнаў на нафту і курса расейскага рубля. Калі цэны на нафту падалі, разам з імі абвальваўся і расейскі рубель. У гэты ж час еўра і даляр моцна даражэлі ў Беларусі. Калі тэндэнцыя развярнулася (нафта пачала расці і пачаў ўмацоўвацца да замежных валют расейскі рубель), то з невялікай затрымкай гэта адбылося і на нашым валютным рынку. Даляр і еўра сталі таннець, а расейскі рубель пайшоў у рост і стаў падбірацца да 300 рублёў. У гэтай сітуацыі вялікай заслугі беларускай эканомікі няма. Усё адбываецца па большай частцы з-за знешніх фактараў, і механізм уздзеяння гэтых фактараў на беларускую валюту практычна не змяніўся.

РР: Ці можна рабіць нейкія прагнозы на каротка- і доўгатэрміновы перыяды?

Вадзім Іосуб: Дастаткова складана. Зыходзячы з такога курсаўтварэння, трэба прагназаваць у першую чаргу цэны на нафту ў будучым. Хаця ёсць адчуванне, што зараз нафта дасягнула своеасаблівага раўнаважнага ўзроўню ў межах 40-42 даляры за барэль. Яна дасягнула таго ўзроўню, калі ўжо пачынаюць разкансервіравацца раней закансерваваныя нафтавыя свідравіны ў ЗША, і гэта далей перашкаджае ёй расці. Гэта азначае, што, хутчэй за ўсё, у бліжэйшы час кошт замежных валют да беларускага рубля можа затармазіцца і заставацца прыблізана на тых узроўнях, што ёсць зараз.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя