“У беларусаў парадак, бо ім Лукашэнка загадаў!..”



Украінска-беларуская мяжа – другая па працягласці ў нашай паўднёвай суседкі пасля ўкраінска-расейскай. Пры гэтым Беларусь шмат для каго з украінцаў – самая заміфалагізаваная краіна.

Багата ўкраінцаў ўпэўненыя, што мінімальная зарплата ў Беларусі складае пад 500 даляраў, што беларускія сацыяльныя стандарты жыцця значна пераўзыходзяць нават тыя, што прынятыя ў Еўразвязе, што кватэры ў нашай краіне цягам года атрымліваюць усе, каму яны патрэбныя, і нават ў тое, што “добры бацька-Лукашэнка вызваліў беларусаў ад сплаты мыта за машыны, што прывозяць з-за мяжы”.

Але ж ключавое слова ў такіх аматараў Лукашэнкі – “парадак”. “У Беларусі не смецяць на вуліцах, таму што гэта Лукашэнка забараніў!..” “Беларусы добра працуюць, таму што Лукашэнка загадаў!..”, “Ат бы вашага Лукашэнку ў прэзідэнты Украіны – ён бы навёў тут парадак!..”

Шмат у якіх паўночных рэгіёнах Украіны, памежных з Беларуссю, рэйтынг Лукашэнкі сягае да 80%, прытым многія жыхары тых рэгіёнаў нават не супраць далучэння сваіх раёнаў да Рэспублікі Беларусь.

Адкуль у тых украінцаў, якія нават ніколі не бывалі ў Беларусі, узнікаюць такія міфы?

Наш карэспандэнт Марцін Война выслухаў украінскія меркаванні пра Беларусь, а таксама высвятліў, адкуль гэтыя меркаванні бяруцца.

 Андрэй, студэнт, горад Рэпкі Чарнігаўскай вобласці: Багата хто з маіх знаёмых і сваякоў на нашых прэзідэнцкіх выбарах выкрэслівае ўсе прозвішчы ўкраінскіх кандыдатаў і піша: “Галасую за Лукашэнку!” Упэўнены, што Аляксандр Лукашэнка набраў бы ў нас мінімум 70-80% галасоў! Так, ён, можа, крышачку і дыктатар, але ж хай ён і дыктатар, але ён сапраўдны гаспадар! І гэта сапраўды так!

Наталля Барысаўна, чарнігаўскі натарыус: Спадара Лукашэнку ўспрымаю як амбіцыёзнага палітыка – у лепшым сэнсе гэтага слова. Ён сапраўды дбае пра свой народ…

Руслан, электрагазазваршчык з Чарнігава: У вас, у Беларусі, зусім няма “растаможкі” на імпартныя аўтамабілі. Не, можа яна і ёсць, але вельмі малая…

Лідзія Аляксандраўна, вахцёрка ў інтэрнаце: Беларусам пашэнціла з бацькам-Лукашэнкам! Ён дбае пра свой народ… не тое, што нашыя!

Пятро Андрэевіч, прыватны прадпрывальнік з Гараднянскага раёна Чарнігаўскай вобласці: Украінцы бачаць, што Лукашэнка – гаспадар. Хай нават ён і прыціскае свабоду слова, але ў Беларусі дзякуючы Лукашэнку ўсё працуе, як швэйцарскі гадзіннік.

Васіль, пенсіянер з Сарнаў, Ровенскай вобласці: У нас вельмі багата людзей ездзіць у Беларусь на заробкі. Яны і расказваюць, што бацька-Лукашэнка навёў парадак. Нам нават расказваюць, як анекдот, што зрабіў бы Лукашэнка, калі б стаў прэзыдэнтам Украіны. Спярша расстраляў бы ўсю Вярхоўную Раду, а потым расстраляў бы тых, хто прыйшоў бы на пахаванні расстраляных дэпутатаў Вярхоўнай Рады.

Дмытро, Ровенская вобласць: Я асабіста неаднаразова чуў: “Нам бы такога, як Лукашэнка!..” Быў бы і парадак, і дабрабыт!

А вось як каментуе такія выказванні ўкраінскі культуролаг Дмытро Мамчур: Нястача праўдзівай інфармацыі пра суседзяў падштурхоўвае людзей да міфалагічнага асэнсоўвання рэчаіснасці. Гэта прасцей за ўсё. Тым больш, калі існуе прагненне да пэўнага ідэалу, якога няма ў сваім уласным доме, то трэба шукаць такі ідэал недзе звонку. Так, шмат хто з украінцаў пазбавіўся ранейшых прарасейскіх сімпатый. А таму ім трэба было нешта такое падшукаць: каб і паблізу Украіны, і зразумелае. Жыццё ў Еўразвязе, у той жа Польшчы, з якой мяжуем, шмат каму зусім незнаёмае. А Беларусь – вось яна, побач! І “за бугром”, і побач. І ездзіць туды не трэба… Датаго ж, ва Украіне паказваюць беларускі канал “24”, дзе расказваюць пра тое, як у Беларусі ўсё квітнее, дзе паказваюць новыя трактары “Беларус” і новыя аўтамабілі “МАЗ”. Але ж міфалагізацыя “казачнага жыцця ў Беларусі” неагрэсіўная. І гэта цешыць.

 Аналітыкі і культуролагі звяртаюць увагу на тое, што міфы пра “беларускі парадак, які навёў Лукашэнка”, папулярныя найперш у дэпрэсіўных рэгіёнах Сівершчыны і Валыні з высокім адсоткам беспрацоўя, у якіх, датаго ж, транслюецца беларускае тэлебачанне.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя