Міжнародны дзень барацьбы з туберкулёзам (абноўлена)



Берасцейцы змаглі бясплатна прайсці флюраграфію ў цэнтры гораду. Такую акцыю каля кінатэатра „Беларусь” арганізавалі прадстаўнікі берасцейскай гарадской арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Акрамя таго жыхары горада над Бугам атрымалі ўсю неабходную інфармацыю ў межах сусветнага дню барацьбы з туберкулёзам, – адзначыла адна з галоўных арганізатарак мерапрыемства Ніна Саванеўская:

– “Чырвоны крыж” не можа застацца ў баку. Таму што гэта і наш накірунак: здаровы лад жыцця, правядзенне інфармацыйна-прафілактычных акцый. І мы штогод 24 сакавіка, сумесна з абласным супрацьтуберкулёзным дыспансерам праводзім інфармацыйна-прафілактычную акцыю “Белы рамонак”.

„Белы рамонак” – гэта сімвал барацьбы з туберкулёзам, і менавіта значкі з такой выявай раздавалі амаль два дзясяткі валанцёраў мінакам, якіх спынялі і праводзілі прафілактычныя гутаркі, – падагульніла Ніна Саванеўская.

* * *

Міжнародны дзень барацьбы з туберкулёзам адзначаецца ў Беларусі 24 сакавіка. Нягледзячы на сучасныя навуковыя дасягненні ў вобласці распрацоўкі дыягнастычных сродкаў, перамагчы цалкам захворванне не ўдалося. Намеснік галоўнага санітарнага лекара Берасця і Берасцейскага раёна Яўгенія Уткіна адзначыла, што колькасць хворых на туберкулёз у свеце толькі павялічваецца:

– Сёння праблема захворванняў туберкулёзам досыць вострая, бо гэтая хвароба носіць пэўны сацыяльны характар. Яна пашыраецца падчас масавых міграцый, ваенных узрушэнняў, эканамічнай нестабільнасці, – у такіх умовах рост захворванняў туберкулёзам мае заканамерны характар.

Небяспечнасць гэтага захворвання ў тым, што на яго грамадзяне не звяртаюць увагі да таго моманту, пакуль не адчуюць сур’ёзныя праблемы са здароўем, – адзначыла Яўгенія Уткіна. І толькі на апошніх стадыях захворвання яны пачынаюць праходзіць абследванні і рабіць дыягностыку, што пагаршае сітуацыю з неабходнасцю неадкладнага лячэння.

Беларускае Радыё Рацыя