Войт гміны Гарадок намінаваны на найлепшага войта 2015 года



Веслаў Кулеша войт гміны Гарадок намінаваны на ўзнагароду лепшага войта 2015 года ў Польшчы. Конкурс арганізаваны рэдакцыяй сельскагаспадарчых перадачаў польскага тэлебачання. Апрача Кулешы за званне лепшага войта змагаюцца 9 іншых кіраўнікоў вясковых гмінаў з усёй Польшчы.

Як кажа Веслаў Кулеша 2015 год быў для гміны часам многіх інвестыцыі. Адрамантавалі 5 кіламетраў вясковых дарогаў, сучасную футбольную пляцоўку пры школе, ды купілі 250 кампутараў з доступам да інтэрнету для жыхароў аддаленых ад цэнтра гміны вёсак. Вылучэнне польскага тэлебачання важнае, але самае важнае ацэнка жыхароў гміны, кажа войт Кулеша:

— Для кожнага войта важная ацэнка ягонай працы. Жыхары ацэньваюць з погляду якасці, колькасці, аб’ёму інвестыцыяў, але для мяне у маім штодзённым жыцці вельмі важна мець пашану да людзей, да жыхароў.

Веслаў Кулеша гмінай Гарадок кіруе з 2002 года. Гэта яго чацвёртая кадэнцыя. У 2014 годзе яго абралі войтам ужо ў першым туры галасавання.

Хто стане пераможцам конкурсу на лепшага войта 2015 года вырашаць гледачы ў смс-галасаванні. Галасаваць за кандыдатаў можна да 4 красавіка.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Гарадок