Эксперты распавялі пра Беларусь будучым еўрапейскім функцыянерам
У варшаўскім Каледжы Еўропы, дзе вучацца студэнты з усяго свету, выступілі палітолаг Аляксандр Папко, рэдактар часопісу “IdeaBY” Рыгор Астапеня, а таксама кіраўнік Менскага прадстаўніцтва недзяржаўных арганізацый „Global Shapers Community” Дзяніс Кольга.
Адмыслоўцы распавялі пра прыроду рэжыму ў Беларусі, пра дасягненні беларусаў у сферы інфармацыйных тэхналогіяў, а таксама пра дзейнасць недзяржаўных арганізацый.
Аляксандр Папко зазначыў, што збліжэнне Захаду з Лукашэнкам не можа прывесці да лібералізацыі ў Беларусі:
– Ёсць такія рэчы, як дастасаванне да знешніх умоў, якія змяняюцца вельмі хутка ў дачыненні да асяроддзя. А ёсць такія рэчы, як ядро рэжыму, ягоная логіка. І логіка беларускай эканамічнай і палітычнай мадэлі не дапускае вялікіх элементаў рынкавай эканомікі, увогуле не дапускае элементаў дэмакратыі.
Што зараз адбываецца? Беларуская эканоміка адчувае праблемы. Беларускія ўлады адчуваюць пэўную пагрозу з боку Расеі. Яны стараюцца звярнуцца да Захаду, каб ён даў больш грошай, абнавіў тую эканамічную сістэму, якая ёсць у Беларусі, каб стабілізаваць гэтую сістэму.
У той жа ж час эксперт дадаў, што беларусам вельмі патрэбныя тыя формы дыялогу з Захадам, якія могуць паспрыяць паляпшэнню якасці тэхналогіяў і адукацыі, а таксама наладжванню міжлюдскіх кантактаў.
[Not a valid template]
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота аўтара