Дзень Волі 2016 (абноўлена)
25 сакавіка, адзначаецца Дзень Волі. 98 гадоў таму, у 1918 годзе, ва ўмовах сусветнай вайны была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Тады ўпершыню ў найноўшай гісторыі беларусы заявілі пра сваё права на дзяржаўнасць.
***
Святкаванне Дня Волі ў Менску паказвае, што грамадства абуджаецца і пераадольвае страх, — лічыць кінадраматург і публіцыст Уладзімір Халіп.
Па яго словах, падчас святкавання ён пабачыў шмат новых, незнаёмых людзей, шмат моладзі. А гэта значыць, што церпіць паразу ідэалогія мінулага, ідэалогія 30-х гадоў XX-га стагоддзя, якую насаджаў у Беларусі Аляксандр Лукашэнка, кажа Уладзімір Халіп:
— Беларусь ужо даўно абрала іншы шлях і гэта шлях да свабоды, да волі — гэта шлях у Еўропу, у нармальнае чалавечае жыццё. І калі гэтая ідэя становіцца ідэяй народа, то ніякае войска, ніякі АМАП, ніякія чэрці не стрымаюць гэтага імкнення.
Я думаю, што бліжэйшыя гады нашу краіну чакаюць вялікія змены, бо цяперашні рэжым церпіць крах. Будучыня належыць вольнай Беларусі, вольнаму народу, — сказаў Уладзімір Халіп.
Прыйдзе час, калі Дзень Волі стане галоўным дзяржаўным святам, — упэўнены лідар Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч:
— Людзей больш чым звычайна, хоць заўсёды хочацца яшчэ і яшчэ. Я не думаю, што цяпер такі момант, калі большасць людзей у краіне разумеюць, што гэта за свята, нават моладзь не ведае. Большасць у Беларусі думае, што Кацярына ІІ і Пётр І — нашы імператары. Не хапае гістарычных ведаў.
І таму вельмі важна, што ёсць вось гэтая частка людзей, для якіх з’яўляецца святым абавязкам абараніць незалежнасць і падзякаваць тым, хто 25 сакавіка 1918 годзе ствараў Беларускую Народную Рэспубліку, — сказаў Аляксандр Мілінкевіч.
[Not a valid template]
Фота Аляксея Лапіцкага
***
Прадстаўнікі апазіцыі пачалі пачалі святкаване Дня Волі ў Менску з ускладання кветак да помніку Янку Купалу. Каля манумента выступілі Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Вячаслаў Сіўчык, Уладзімр Някляеў, Павел Севярынец.
Па словах Паўла Севярынца, у беларускай мове паняткі свабоды і рашучасці абазначаюцца адным словам — Воля:
— Як казаў Янка Купала, да помніка якому мы ўскладаем кветкі: «Хто не любіць Волі, той не нашага роду». Таму за 22 гады спрабаваў Лукашэнка пераўтварыць нашу краіну ў калгас, дзе былі б толькі свінафермы, брыгадзіры, красныя куты і людзі па калена ў брудзе, але гэтаму не бываць, бо час калгасаў прайшоў, час Расейскай Імперыі і савецкага Саюзу прайшоў і час Лукашэнкі праходзіць. Мала таго, Дзень Волі ў беларускіх каталікоў і пратэстантаў — гэта Дабравешчанне.
Таму гэта светлы дзень, дзень тых, хто верыць. Будзем верыць — пераможам, — сказаў Павал Севярынец.
***
20:00
Яшчэ паўгадзіны ад таго моманту калі арганізатары абвясцілі, што акцыя завершана, моладзь не спяшалася разыходзіцца і спявала песні «Ляпісаў», людзі танчылі, скакалі. Таксама агучвалася вялікая падтрымка Надзеі Саўчанцы, луналі лозунгі «Жыве Беларусь». На дадзены момант усе пачалі разыходзіцца.
19:30
Шэсце скончылася ля універмага «Рыга», людзі пакуль не разыходзяцца.
19:00
На чале калоны, якая дайшла да вуліцы Сурганава, ідуць палітыкі Аляксей Янукевіч, Віталь Рымашэўскі, Аляксандр Мілінкевіч.
Людзі плануюць дайсці да супермаркета «Рыга» і разысціся. Спяваюць песні «Ляпісаў».
18:52
Людзі вырашылі не ісці на Бангалор. Вячаслаў Сіўчык прапануе ісці да ўніверсама «Рыгі». Віталь Рымашэўскі прапанаваў дайсці да «Рыгі» і разысціся да дамах. Удзельнікі акцыі зноў збіраюцца ў калону. Наперадзе трымаюць банер «Дзень Волі» з фатаграфіямі дзеячаў Рады БНР.
18:25
Калона дайшла да кінатэатра «Кастрычнік». Там тых людзей, што ішлі ад помніка Янку Купалу чакалі яшчэ 300 чалавек, якія далучыліся да ўдзельнікаў акцыі.
18:00
Дзень Волі ў беларускай сталіцы перамясціўся ад помніка Янку Купалу спачатку да помніка Якубу Коласу, а потым да кінатэатра «Кастрычнік», дзе Мінгарвыканкам дазволіў збор удзельнікаў акцыі ў Дзень Волі.
З Менска паведамляе Стас Дэдэрка:
— Літаральна некалькі хвілін таму галава калоны перасекла плошчу Якуба Коласа. Там вырашылі надоўга не затрымлівацца, кароткую прамову сказаў Мікалай Статкевіч, прачытаў свой верш Някляеў і рушылі далей. Мікалай Статкевіч можна сказаць кіруе шэсцем, ён заклікае, каб ніхто не заходзіў у падземныя пераходы і добра накіроўвае людзей праз іншыя, наземныя пераходы і так далей. Калона ўвесь час колькасна расце і калі галава калоны ўжо перасякала плошчу Перамогі, дык хвост калоны застаўся далёка ззаду і на плошчу нават не зайшоў. Хоць дакладна палічыць колькасць людзей вельмі цяжка, але відавочна, што іх ужо не 200, а значна больш. Таксама на падыходзе да плошчы Перамогі хлопцы, вядомыя па справе графіцістаў, запалілі фаеры з лозунгамі «Не імперыі!»
Мінакі, якія ідуць насустрач, рэагуюць па рознаму: людзі сталага веку ў асноўным напружана, а моладзь з усмешкамі. Праязджаў аўтобус з дзецьмі, якія махалі рукамі.
Сярод лозунгаў тут і «Свабоду!» і «Работу!» і «За незалежнасць!» і «Верым Можам Пераможам!». Зараз мы крочым да кінатэатра «Кастрычнік», які ўжо вельмі блізка.
17:33
Запалілі першыя фаеры. «Выйдзі на вуліцу, вярні сабе свабоду», — скандуюць некаторыя ўдзельнікі акцыі.
17:23
Людзі сабраліся ў калону і выйшлі на праспект у бок Плошчы Перамогі. Калона расцягнулася ад моста праз Свіслач да цырка.
17:00
З Менску паведамляе наш карэспандэнт Стас Дэдэрка.
— Ужо цяпер тут даволі шмат людзей, я магу налічыць каля 200, таксама не бракуе людзей у «штацкім», якія размеркаваліся па гэтай тэрыторыі. Людзі ўскладаюць кветкі ля помніка Янку Купалу, а таксама ставяць знічы. Таксама тут даволі шмат палітыкаў: прадстаўнікоў розных рухаў, у тым ліку Вячаслаў Сіўчык, Павал Севярынец, Анатоль Лябедзька, ну і сам Мікалай Статкевіч, які прапанаваў тут сабрацца, каб потым адсюль рушыць калонай да афіцыйна дазволенага ўладамі месца збору, да кінатэатра «Кастрычнік».
Дзе нашы пенсіі і «драздуноў да адказу». Між іншым, такія эканамічныя лозунгі таксама луналі падчас шэсця да Дня волі ў Мінску – сказаў у нашым эфіры лідэр Аб’яднанай грамадзянкай партыі Анатоль Лябелька у час шэсця. Паводле палітыка эканамічная сітуацыя ў Беларусі сапраўды складаная і таму на шэсці асабліва моладзь да гэтага падышла крэатыўна.
— Некалькі такіх пунктаў агульнага паслання. Першае, даць людзям права выбару, свабодныя і сумленныя выбары. Другое, гэта новы эканамічны курс, структурныя рэформы. Ну і натуральна: незалежная, вольная еўрапейская Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя