Скарга журналіста зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека
Скарга журналіста нашага радыё Віктара Парфёненкі на міністэрства замежных спраў Беларусі зарэгістравана ў Камітэце ААН па правах чалавека. «Хачу прымусіць Міністэрства паважаць міжнародныя прававыя акты, ратыфікаваныя Беларуссю», – адзначае Віктар Парфёненка, якому 7 разоў адмаўлялі ў акрэдытацыі ў МЗС.
– Для мяне, як для чалавека, які плануе працаваць журналістам, гэта цудоўная маральная сатысфакцыя таго, што міжнародная арганізацыя, у прыватнасці Камітэт па правах чалавека, будзе разглядаць маю скаргу. Усё ж такі я рады, сходзячы хаця б з таго, што ў гэты цудоўны дзень 25 сакавіка, на Дзень Волі, неяк сімвалічна, я атрымаў пацверджанне таго, што прынялі да разгляду маю скаргу, і будуць разглядаць на прадмет неадпаведнасці закону і неадпаведнасці міжнародным дамовам, якія прыняла на сябе Беларусь.
У складанні скаргі журналісту дапамагаў член Праўлення арганізацыі, юрыст Алег Агееў. Рашэнне аб рэгістрацыі скаргі накіравана і беларускім уладам. Паводле працэдуры, павінен быць падрыхтаваны адказ. Год таму журналістка «Народнай волі» Марына Коктыш выйграла справу супраць Беларусі ў Камітэце па правах чалавека ААН. Камітэт прызнаў, што правы журналісткі былі парушаныя пры адмове ёй у акрэдытацыі ў Палаце Прадстаўнікоў.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя