Расейцы і санкцыі
Амаль дзве траціны расейцаў дэкларуюць, што іх не хвалююць заходнія санкцыі ні міжнародная ізаляцыя дзяржавы. Такія вынікі апытання, праведзенага сацыялагічным Цэнтрам Левады, і яны могуць стаць падказкай для заходніх лідараў, якой павінна быць іх рэакцыя на адкрытае ўварваньне Расеі ва Украіну.
Апытанне праведзенае 22-25 жніўня паказвае, што расейцы прызвачайваюцца да санкцыяў і не лічыць іх сур’ёзнай праблемай. Занепакоеныя ізаляцыяй Расеі толькі 32% жыхароў Фэдэрацыі, меней чым яшчэ месяц таму. Такая-ж колькасць расейцаў хвалюцца з прычыны санкцыяў.
З даследвання сацыёлагаў вынікае, што пераважная большасць расейцаў падтрымліваюць расейскае эмбарга на заходнія прадукты уведзенае ў адказ на санкцыі. Рашэнне аб забароне імпарту многіх заходніх прадуктаў падтрымліваюць ажно 82% рэспандэнтаў, і толькі 13% прытрымліваюцца супрацьлеглай думкі.
Пры гэтым большасьць расейцаў адчулі наступствы расейскіх контркрокаў. Дзве траціны рэспандэнтаў заўважылі рост цэнаў, пры чым гэта асноўныя, набываныя штодня прадукты.
Кожны дзесяты з апытаных расейцаў прызнаў, што рост цэнаў нагэтулькі значны, што прымусіў яго адмовіцца ад некаторых прадуктаў. Незважаючы на ўсё гэта, нязменнымі застаюцца агульныя настроі расейскага грамадзтва. 64% расейцаў, болей чым яшчэ ў ліпені, лічаць, што ў цэлым краіна рухаецца ў правільным накірунку. Дзеенні расейскага прэзідэнта станоўча ацэньваюць 84% расейцаў. Гэта трошкі меней, чым яшчэ месяц таму.
Прыведзеныя тут лічбы абавязкова павінны ўспрыняць як важную падказку заходнія лідары, у прыватнасці прэзідэнт ЗША. Усе ведаюць, што адбываецца, толькі рэакцыя на відавочныя факты-неаднолькавая. “Расея адказная за гвалт на Усходзе Украіны. Яна гэты гвалт раздзімае”, – заявіў Барак Абама. Па словах прэзідэнта ЗША, не падлягае сумневу, што сэпартысты на Усходзе Украіны ўжо даўно “абвучае, дае зброю і фінансуе Расея, якая непасрэдным удзелам сваіх сілаў шмат разоў парушыла сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны”. Абама заявіў, што будуць прынятыя далейшыя, пакаральныя крокі. Новыя санкцыі будуць прадметам дыскусіі падчас саміту НАТО на наступным тыдні – заявіў прэзідэнт ЗША выключаючы пры гэтым ваенную канфрантацыю з Расеяй. Таксама амбасадар ЗША у ААН – Саманта Паўэр кажа, што ў справе крызісу ва Украіне “Расея маніпулявала, махлявала і хлусіла, але цяпер мусіць перастаць распальваць канфлікт”.
Калі не будзе ваеннага ўмяшаньня ў канфлікт, што цалкам зразумела, то прынамсі трэба усведаміць адно: тая еўрапейская, а дакладней нямецкая палітыка “ бізуна і перніка” не апраўдала сябе. У Еўропы няма ніякай канцэпцыі, як адрэагаваць на яўную агрэсію з боку Расеі. Але-ж, на сапраўдную вайну мусіць быць сапраўдны адказ. Гэта могуць узмоцненыя санкцыі, ізаляцыя яе элітаў і дазбраенне ўкраінскай арміі. Калі Францыя можа прадаваць зброю агрэсару, то чаму не можна яе прадаць ці даць ахвяры? Нагода для прыняцця такога рашэння будзе ужо заўтра, 30 жніўня на саміце Еўразвязу у Брусэлі і затым праз тыдзень на саміце НАТО у Нюпарце. Чым слабейшая будзе рэакцыя Захаду, тым большая будзе нагласць Пуціна. Высылка танкаў на Адэсу і нават на Кіеў зусім не выключаная і гэта можа адбыцца адразу пасля ветлівай тэлефоннай размовы з нямецкай канцлер.
Калі расейцаў не хвалююць заходнія санкцыі, дык няма і падставы каб іх шкадаваць. Чаму не адказаць ударам, тым болей, калі гэта не баліць? Іншая справа, калі б яны не падтрымлівалі агрэсіўную палітыку Крамля, але-ж, хоць і ў выніку прапаганды- яны яе падтрымліваюць. Калі для іх важнейшае пачуццё велічы краіны і дзеля гэтага яны гатовы есці сухі хлеб, дык калі ласка. Трэба прыдумаць такія, пакаральныя крокі, каб наймацней забалела вярхушка, але і адчулі шэраговыя расейцы. Як прапанаваў адзін еўрадэпутат, можна, для прыкладу, абваліць цэны на нафту і газ, і тады расейцы ўбачаць пустыя, бы ў часы “вялікага Савецкага Саюзу” паліцы і пустыя кашалькі. Можа гэта іх ацверазіць?