У Беластоку памаліліся за беларускі народ



Малітвай на беларускай мове жыхары Беластока працягнулі святкаванне дзевяноста восьмых угодкаў утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі. У праваслаўнай царкве «Агія Сафія» святочны малебен за беларускі народ адслужыў айцец Кастусь Бандарук. На завяршэнне ўдзельнікі малебна праспявалі духоўны гімн «Магутны Божа».

Айцец Кастусь Бандарук:

— Усе мы нават жывучы тут, у Беластоку, духоўна блізка звязаныя з нашай Бацькаўшчынай, з беларускім народам. Затое народ адзін, адзіныя у яго памкненні, адзіныя мары і мы маліліся за тое, каб Бог блаславіў Беларусь і беларускі народ.

 Яўген Вапа, Саюз беларусаў Польшчы:

— Я моцна ўзрушаны. Калі айцец Кастусь Бандарук у адмысловай малітве ў словах перадаў усю сутнасць нашага духоўнага яднання і малітвы за беларускі народ і за ягонае быццё і за незалежнасць гэтага народа ў будучыні.

 Верніца: 

— Бо ў нас чытаюць Евангелле па-беларуску, наш бацюшка чытае па-беларуску. Вельмі файна.  

На малебне пасля літургіі прысутнічалі каля паўсотні чалавек. У часе самой літургіі айцец Кастусь Бандарук звярнуўся да ўсіх прысутных з пропаведдзю на беларускай мове. У беластоцкай царкве Агія Сафія штонядзелю гучыць Евангелле па-беларуску.

[Not a valid template]

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток

Фота аўтара