Палітычны Вялікдзень
Сёння ў грэка-каталікоў і пратэстантаў Велікодны Панядзелак. Незважаючы на выходныя дні, У Польшчы, асабліва ў інтэрнэт-прасторы шырока каментуецца і абмяркоуваюцца велікодныя выступленні каталіцкіх іерархаў на тэму палітычнай сітуацыі ў Польшчы. Бадай найвялікшы рэзананс выклікалі словы Арцыбіскупа Юзэфа Міхаліка пра «новую Таргавіцу».
У прынцыпе я неахвоча і вельмі стрымана каментую найноўшыя, палітычныя жарсці ў Польшчы. Паўстрымліваюся ад выказвання сваёй пазіцыю, бо, магчыма, памыляюся, і напэўна, некаторых рэчаў, як справа Канстытуцыйнага Суда, я не разумею. Я таксама ня ведаю, наколькі шчырыя і бяскарыслівыя намеры тых, якія стварылі «Камітэт Абароны Дэмакратыі» і ладзяць шматтысячныя маршы пратэсту супраць некаторых рашэнняў новага ўраду. Тым болей, што напярэдадні велікодных святаў, лідар кіруючай у Польшчы партыі «Права і Справядлівасць» заклікаў да спакою і спынення палітычных спрэчак, не надаваць ім міжнароднага розгаласу, як мінімум цягам бліжэйшых месяцаў, пакуль у Польшчы адбудуцца «Сусветныя дні моладзі», візіт Папы Францішка і саміт НАТО.
Аднак, былы старшыня Канферэнцыі Епіскапату Польшчы, Арцыбіскуп Юзэф Міхалік відавочна не паслухаўся лідара кіруючай партыі. Падчас святочнай, рэзурэкцыйнай Імшы ён заявіў, што «народ ужо стаміўся ад бясконцых спрэчак» і чакае аднаўлення дыялогу. Іерарх заклікаў, асабліва палітыкаў, прытрымлівацца маральнага, Божага права, дзейнічаць у атмасферы зычлівасці, спагады, дыялогу і любові, бо такая пазіцыя больш плённая». «Польшча падзеленая інтарэсамі розных групаў і партыяў… яна партыйная, а павінна быць аб’яднаная вакол агульнага дабра, у прыватнасці павагі да сябе».
Аднак, найвялікшы рэзананс выклікалі словы Арцыбіскупа пра тыое, што «у Польшчы з’явілася новая «Таргавіца». Яе ўдзельнікі нібыта зневажаюць Польшчу. Маўляў, на міжнародных форумах яны мабілізуюць чужыя народы да нянавісці да палякаў, якія пасмелі выбраць іншых, а не іх. Гэта дзіўная пазіцыя. Такога ўжо даўно не было. Аднак, гэта не пахвальна, калі аказаны ім часткай грамадства давер гэтыя людзі выкарыстоўваюць супраць Баькаўшчыны» — заявіў Арцыбіскуп Міхалік выступаючы ў Пшэмыслі.
Дастаткова заглянуць у «Вікіпедыю», каб даведацца, што гэта такое «Таргавіца». «Канфедэрацыя таргавіцкая» была завязаная дакладна 27 красавіка 1792 года. У польскай гістарыяграфіі, гэта сінонім нацыянальнай здрады, бунту групы магнатаў супраць адносна прагрэсіўнай Канстытуцыі 1791 года, спроба абароны сваіх прывілеяў з дапамогай знешніх сілаў, у прыватнасці царыцы Кацярыны ІІ. Колькі не чытаю пра «Таргавіцу», тым большым перахілам і памылкай лічу яе параўнанне з пратэстамі «Камітэта абароны дэмакратыі». Так. Да гэтых маршаў падчапіліся палітыкі, якія ў выніку выбараў аказаліся ў апазіцыі і сапраўды страцілі ранейшыя ўплывы і прывілеі. Бачу там некаторых палітыкаў адарваных ад сваіх мяккіх крэслаў. Аднак партыя «Новочэсна» — гэта цалкам новая структура, якая ніколі не была пры ўладзе. Не абараняюць сваіх прывілеяў тыя маладыя сужэнствы з дзеткамі ні пенсіянеры, бо яны прывілеяў ніколі не мелі. Абзываць іх «сытымі катамі», адарванымі ад поўнай міскі, альбо здраднікамі, якія ачарняюць Найяснейшую Рэчпаспалітую за мяжою, абразлівае для абсалютнай большасці ўдзельнікаў маршаў. Думаю, што Арцыбіскуп Міхалік перабраў меру. Прадстаўнік Касцёла, абсалютна недэмакратычнай, іерархічнай установы не павінен гаварыць пра дэмакратыю. Лепш хай гаворыць тое, да чаго Касцёл пакліканы: заклікаць да згоды, прымірэння, узаемапавагі і хрысціянскай любові. Калі Польшча такая каталіцкая і рэлігійная, як сама сябе называе, дык павінна ахвоча прыслухацца да такіх заклікаў. Асабліва ў час Вялікадня.