Беларусь атрымала еўразійскі крэдыт у 2 мільярды даляраў



Беларусі выдзелены крэдыт Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця на суму 2 млрд. долараў ЗША, паведамляе сайт беларускага Міністэрства фінансаў.

Адпаведнае пагадненне было падпісана 25 сакавіка. Дакументам прадугледжана „выдзяленне фінансавых рэсурсаў на суму 2 млрд. долараў ЗША ў падтрымку мер эканамічнай палітыкі і структурных пераўтварэнняў урада і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь на 2016—2018 гады, адобраных Саветам Еўразійскай фонду стабілізацыі і развіцця 25 сакавіка”.

Паведамляецца таксама, што пазыка выдзяляецца асобнымі траншамі, кожны з якіх тэрмінам 10 гадоў, уключаючы пяцігадовы льготны перыяд. Паступленне ў рэспубліканскі бюджэт сродкаў першага траншу крэдыту ў памеры 500 млн. долараў чакаецца ў найбліжэйшыя дні.

БелаПАН