Ці выратуе беларускую эканоміку еўразійскі крэдыт?



“Зараз ўлады ўсе высілкі накіруюць на атрыманне крэдыту Міжнароднага валютнага фонда,” – лічыць эканаміст Барыс Жаліба.

Як ужо паведамлялася, Беларусь атрымала еўразійскі крэдыт у 2 мільярды даляраў. Ці стануць гэтыя грошы выратавальнымі для эканомікі?

Барыс Жаліба: Да выратавання эканоміцы яшчэ далёка, бо еўразійскі крэдыт пойдзе траншамі. Першы – 500 мільёнаў даляраў. А Беларусі яшчэ ў першым квартале трэба выплаціць па пазыках (у асноўным, Расеі) – 1,1 мільярда. Так што гэты транш наогул не кампенсуе запазычанасці. Я мяркую, што паколькі ў асноўным мы павінны Расеі, то нейкую адтэрміноўку Масква дасць, каб не быў аб’яўлены дэфолт. Акрамя таго, у беларускіх уладаў застаецца надзея атрымаць крэдыт МВФ, які просяць у памеры 3 мільярдаў з першым траншам у 1 мільярд даляраў. Перамовы ўжо даўно ідуць, але канчатковых вынікаў нам не аб’яўляюць. Так што еўразійскі крэдыт – гэта проста маральная перадышка.

РР: У якія тэрміны МВФ можа прыняць рашэнне пра тое, каб даць (не даць) грошы Беларусі?

Барыс Жаліба: Беларускія чыноўнікі са снежня мінулага года робяць аптымістычныя прагнозы, але, на мой погляд, калі б кіраўнік краіны рабіў менш заяў, што ніякіх эканамічных рэформ не будзе, то, магчыма, гэты крэдыт ужо б далі. Кіраўніцтва МВФ таксама слухае і чытае заявы, таму і разважае, што рабіць далей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя