Праграме Каліноўскага спаўняецца 10 год



Спаўняецца 10 год адукацыйнай праграме Кастуся Каліноўскага. 30 сакавіка ў Варшаве пройдзе з’езд выпускнікоў гэтай праграмы.

Па словах адной з яе заснавальніц, старшыні Праваабарончага камітэту „Салідарнасць” Іны Кулей, ідэя праграмы з’явілася адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў у сакавіку 2006 года, пасля Плошчы і моцнай хвалі рэпрэсій, якія абрынуліся найперш на беларускую моладзь:

– Моладзь збівалі, арыштоўвалі, выключалі з універсітэтаў. Гэта была сістэма рэпрэсій, накіраваная на запалохванне моладзі, каб яны не прыходзілі пратэставаць на плошчу, і Аляксандар Мілінкевіч звярнуўся да міжнароднай супольнасці з заклікам дапамагчы беларускай моладзі пераадолець гэтыя рэпрэсіі. У першую чаргу гэты зварот тычыўся палякаў. Бо Польшча прайшла шлях “Салідарнасці” і ведала, як гэта змагацца з камунізмам і недэмакратычным ладам. І лёс праграмы Каліноўскага быў вырашаны літаральна за адну ноч. Былы прэм’ер-міністр Казімір Марцінкевіч, дырэктар сённяшняй праграмы Ян Маліцкі, дарадца міністра Міхал Дворчак тэлефанавалі адзін аднаму і дамаўляліся пра тое, што можна зрабіць. І вось 30 сакавіка ў Варшаве быў падпісаны дакумент, які заснаваў гэтую праграму.

За 10 гадоў у ёй паўдзельнічалі больш за 900 чалавек. Мы лічым, што гэта стыпендыяльная праграма паднялася да роўню ўніверсітэта Каліноўскага. Мы так і гаворым, што гэта вельмі шырокая, вельмі спланаваная  і сучасная праграма, у якой і сёння беларуская моладзь можа прыняць удзел. І яна ў першую чаргу скіраваная на людзей, якія церпяць  ад рэпрэсій ўлады, і на дзяцей з такіх сем’яў.

Апытанне паказвае, што каля 70% беларусаў вяртаюцца на Радзіму, але ёсць праблема з іх працаўладкаваннем па спецыяльнасці. І гэта выклік беларускаму грамадству і беларускай дзяржаве. Бо людзі, якія атрымалі цудоўную еўрапейскую адукацыю, мусяць быць вельмі прыдатнымі ў сённяшняй эканамічнай сітуацыі.

Сёння існуе панятак не ўцечка мазгоў, а цыркуляцыя розуму. Гэта робіць сусвет адкрытым. Гэта ўніверсальныя правы чалавека, магчымасць вандраваць па свеце, самарэалізоўвацца, шукаць сябе.

Вячаслаў Сіўчык, лідар Руху салідарнасці “Разам”: 10 год – гэта добры юбілей. Выдатна, што аператыўна пасля Плошчы-2006 года была аказана дапамога беларускай нацыі, бо ўсе ведаюць пра тыя рэпрэсіі, якія абрынуліся на нашую моладзь пасля Плошчы Каліноўскага. І мне б вельмі хацелася, каб праграма Каліноўскага дзейнічала і далей, бо, на жаль, за гэтыя 10 гадоў сітуацыя ў Беларусі не палепшылася. Пакуль Лукашэнка застаецца пры ўладзе, ён, як маскоўскі стаўленік,  не дазволіць Беларусі вярнуцца ў Еўропу.

Спадзяюся, што і надалей праграма Каліноўскага будзе развівацца. Але ёсць зараз пагрозы па яе знішчэнні, бо пачаліся палітычныя гульні, быццам рэжым Лукашэнкі прымальны і парушэнні правоў чалавека – гэта прымальна, калі размова ідзе пра беларусаў.

Вельмі б хацелася, каб Праграма Каліноўскага заставалася, была разлічана на беларусаў і ў ёй, у межах будучых пректаў, узнікла беларускамоўнае навучанне, – сказаў Вячаслаў Сіўчык.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота pl.wikipedia.org