Алесь Астроўскі: Змагаешся за мову – змагаешся за дзяцей
Былы выкладчык Гарадзенскага медыцынскага ўніверсітэта Алесь Астроўскі распавёў падчас “круглага стала”, прысвечанага беларускамоўнаму навучанню ў школах Беларусі, пра “моўную праблему і расейскую пагрозу”.
Па словах Астроўскага, гісторыя знішчэння беларускай мовы пачалася не сёння:
„У свой час расейская царыца Кацярына II загадвала так: “Вялікае княства Літоўскае надалей называць толькі Белай Руссю, а народ яе беларусамі, чым на стагоддзі прывяжам яе да Расеі. Замірыць Белую Русь сілай немагчыма. Гэтую місію мы ўскладаем на рускага чыноўніка, рускага настаўніка, рускага папа. Менавіта яны адымуць у беларусаў не толькі іх мову, але і саму памяць пра саміх сябе”. Гэтая палітыка працягваецца ў Беларусі ўжо больш за 200 гадоў. І, такім чынам, становіцца абсалютна зразумелым, што палітыка русіфікацыі і знішчэння роднай мовы – гэта прарасейская палітыка. І гэта не толькі захоп мовы, а захоп дзяржавы і тых каштоўнасцей, якія мы павінны даваць нашым дзецям. Проста з мовы ўсё пачынаецца. Чым хутчэй беларусы забудуць свае нацыянальныя адрозненні, тым хутчэй яны знікнуць, як нацыя”.
“Сёння мы ведаем, чаму склалася такая моўная праблема ў краіне, – дадае Алесь Астроўскі. – Ва ўладзе знаходзяцца людзі, якія засталіся яшчэ з савецкіх часоў. Гэта посткамуністычная наменклатура. Тое, што для многіх з’яўляецца жывым і святым, што вызначае перспектыву, для тых людзей – нішто. Гэтая наменклатура вырасла ў беларусафобскім выхаванні, і цяпер яны ва ўладзе. Акрамя таго, у краіне шмат арганізацый і групаў, якія працуюць на зневажэнне беларускай мовы. Іх галоўная задача – накінуць беларусам песімізм, што нярэдка падхопліваюць беларускія незалежныя СМІ. Маўляў, мова памірае, яе не падняць… Гэта ўсё хлусня! Змагацца за мову трэба абавязкова, бо гэта змаганне не толькі за мову, але за нашых дзяцей, за будучыню краіны”.
Алесь Астроўскі адзначае, што ў гэтым плане ад апазіцыі падтрымкі ці дапамогі чакаць не даводзіцца. “Яны правалілі гэтую працу, – кажа ён. – А Захаду да беларускай мовы таксама няма ніякай справы. Таму тут бацькам трэба разлічваць на свае сілы”.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара