Мілінкевіч: “Плошча – заснавальнік Праграмы Каліноўскага”
10 гадоў таму за ўдзел у Плошчы Каліноўскага сотні беларускіх студэнтаў былі выкінутыя з універсітэтаў. Менавіта тады Польшча вырашыла адкрыць стыпендыяльную праграму для рэпрэсаваных беларусаў. У 2006 годзе разам з тагачасным прэм’ерам Польшчы Казімірам Марцінкевічам ліст аб адкрыцці Праграмы падпісаў колішні адзіны кандыдат ад дэмакратычнай апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч.
Падчас святкавання юбілея Праграмы ў Варшаве Аляксандр Мілінкевіч узгадаў Плошчу Каліноўскага, адзначаючы яе важнасць для беларускай гісторыі. Менавіта пасля Плошчы Каліноўскага больш ніхто на Захадзе не задаваў пытанняў, ці хочуць беларусы ў Еўропу – адзначыў палітык.
Радыё Рацыя пагутарыла з Аляксандрам Мілінкевічам пра Праграму імя Кастуся Каліноўскага.
РР: Спадар Аляксандр, Вы былі адным з заснавальнікаў, менавіта Вы падпісалі інтэнцыйны ліст да польскага Ураду. Як Вы падсумоўваеце гэтыя дзесяць гадоў? Чым яны сталі для беларускай моладзі?
Аляксандр Мілінкевіч: Шчыра, абсалютна без сціпласці кажу, што не я заснавальнік, а заснавальнік усё ж такі сама Плошча. Бо тыя людзі, што выйшлі, яны звярнулі велізарную ўвагу да Беларусі. Усе медыя тыдзень як першую навіну пісалі пра тое, што адбываецца на Плошчы. І тая ж рэакцыя палякаў, выдатная рэакцыя, салідарная, яна спрацавала. Канечне, там пэўны ўклад быў, таму што мы тады размаўлялі з міністрам Марцінкевічам не толькі аб Праграме Каліноўскага, якая за адны суткі было вырашана, што яна будзе, а мы гаварылі і пра “Белсат”, і пра аднаўленне “Радыё Рацыя”. І я лічу, што тыя польскія рашэнні – гэта былі стратэгічныя рашэнні па гэтых трох праграмах, і паказвае досвед, што стратэгічнае – яно застаецца жыць. Прайшло дзесяць гадоў, усё жыве, развіваецца, не збіраецца адыходзіць, і гэта сапраўды дасягненне беларуска-польскага супрацоўніцтва.
РР: Гэтыя праграмы падтрымкі, і Праграма Каліноўскага, і адкрыццё “Белсата” – адзінага беларускамоўнага тэлеканала, яно вельмі моцна спрычынілася да захавання культурнай ідэнтычнасці нашага народа. Чаму Польшча гэтым займаецца?
Аляксандр Мілінкевіч: Думаю, што палякі проста лепш гэтую тэму разумеюць. У іх не было такой дэнацыяналізацыі, але яны разумеюць, бо ў ХІХ стагоддзі польская эліта пасля паразы ў трох паўстаннях, у якіх і беларусы ўдзельнічалі, пачынаючы ад Касцюшкі, скончваючы Каліноўскім, пасля гэтага польская эліта вырашыла, што не атрымліваецца перамагчы царскую ўладу, дык будзем падтрымліваць адраджэнне польскае, займацца адукацыяй, культурай, краязнаўствам. І таму яны разумеюць. Вось французу і немцу значна цяжэй. Яны сфармаваліся як нацыя раней, не мелі такога суседа, як Расея, які гэта ўсё знішчае. Таму, я думаю, што палякам лягчэй. Ну і агульная гісторыя, агульныя каралі, агульныя героі, такія як Касцюшка. Я лічу, не трэба “піліць” чый ён, проста трэба сказаць, што ён супольны, гэта нас павінна яднаць.
РР: Вы часта кажаце, што трэба больш любіць Беларусь чым ненавідзець Лукашэнку, што пэўны дыялог усё ж такі з афіцыйнам Менскам павінны весціся. На Вашу думку, ці гэта не можа стварыць такую небяспеку, такую пагрозу, што ўласна такія праграмы падтрымкі незалежнага грамадства могуць спыніцца з-за дыялогу з Лукашэнкам?
Аляксандр Мілінкевіч: Такія думкі існуюць, я не думаю, што гэтыя перасцярогі актуальныя. Я меў сустрэчы з новым Урадам, з міністрамі, яны казалі, што старыя праграмы не перапынем, будзем па магчымасці развіваць і яшчэ новыя створым. І ўсходняя палітыка, безумоўна, адносна Беларусі таксама, будзе развівацца. Бо для PiS яна была заўсёды адной з самых важных.
Я маю надзею, што ў Польшчы ўсё ж такі не перамогуць тыя, якія, напрыклад, скажуць, што галоўнае займацца палякамі на Усходзе, а ўсё астатняе можа пачакаць. Ёсць такія пазіцыі таксама ў некаторых палітыкаў, але не гэта думка дамінуе. Я веру ў тое, што палякі разумеюць, што незалежнасць Беларусі, дэмакратыя ў Беларусі, рух Беларусі да Еўропы – для Польшчы таксама важныя, хаця гэта перш за ўсё неабходна нам.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава