Мікалай Шарах: Сказалі, я ім не патрэбны, а працаваць няма каму



З полацкага  ААТ «Полацак-Шкловалакно» хочуць звольніць актывіста Свабоднага прафсаюзу Мікалая Шараха. Ён працуе на гэтым прадпрыемстве з 1985 году, займае пасаду памочніка майстра ў цэху вытворчасці шкловалакна, мае вялікі досвед сваёй працы. Нядаўна адміністрацыя прадпрыемства паведаміла, што кантракт з ім не будзе падоўжаны, не патлумачыўшы ніяк прычыну.

Мікалай Шарах: Адміністрацыя прыслала мне пісьмо, што не жадае працягнуць са мной кантракт. Я пасля гэтага напісаў пісьмо генеральнаму дырэктару са сваімі прапановамі. Мне да канца кантракта яшчэ паўтара месяца было, калі мне прыслалі. У сваім пісьме я прапанаваў, а мне праз два гады будзе 60 гадоў, на два гады працягнуць кантракт (гэта было да таго, як Аляксандр Лукашэнка паведаміў пра павелічэнне пенсійнага ўзросту), і я ім яшчэ прапанаваў павысіць зарплату, тарыфную стаўку, на 26%. У нас ёсць у калектыўным дагаворы такі пункт: за прафесійнае майстэрства. У нас даўно не было павышэння зарплаты, а працаваць за сённяшную зарплату вялікага жадання няма. Я адправіў гэтае пісьмо 24-га. А 25-га дырэктар падпісаў загад: павысіць тарыфную стаўку на 24% усяму прамышленнаму персаналу.

РР: Вы лічыце, што гэта адбылося дзякуючы вашай ініцыятыве?

Мікалай Шарах: Ды не. Я думаю, проста так супала. Але супала вельмі цікава. Толькі я накіраваў пісьмо з просьбай павысіць зарплату, а тут на наступны дзень выходзіць загад – і павышаюць зарплату. Праўда, я прасіў на 26% і сабе асабіста, але тут на 24% і ўсяму персаналу. А так, у прынцыпе, я чакаю адказа.

РР: Дык а што з прадаўжэннем вашага працоўнага кантракта?

Мікалай Шарах: 29 красавіка ён канчаецца. Яшчэ да канца красавіка я буду весці перамовы. 6-7 красавіка я буду сустракацца з гендырэктарам. Будзем абмяркоўваць. Падставаў, каб не перазаключаць кантракт, няма. Ніякіх парушэнняў не было, я высокакваліфікаваны спецыяліст, маю вышэйшы разрад, у мяне вышэйшая адукацыя па прафілю маёй працы, і наогул маю дзве вышэйшыя адукацыі. Такіх рабочых больш на заводзе няма. Ніякіх аб’ектыўных перадумоваў няма, каб не перазаключаць кантракт. Парушэнняў не было. Таму павінны былі перазаключыць.

РР: Але нейкім чынам начальнік цэха, які паведаміў такую навіну, павінен быў патлумачыць, чаму яны не збіраюцца перазаключаць кантракт.

Мікалай Шарах: Ніякім чынам не патлумачыў. Сказаў, мы ж цябе не звальняем, проста ў цябе кантракт закончыўся, і далей мы ў тваіх паслугах не маем патрэбы. Хоць, насамрэч, маюць патрэбу, бо нам зараз патрэбныя спецыялісты, набіраюць маладых вучняў з вуліцы, ніхто асабліва ісці не хоча, у нас запускаецца яшчэ адна печка, трэба новы персанал, трэба навучаць, трэба некаму працаваць, і звальняць высокакваліфікаванага спецыяліста цяпер – гэта проста неразумна з іх боку, мягка кажучы. Не кажу ўжо пра сябе асабіста, але калі хаця б каго-небудзь яшчэ вось так звальнялі, то гэта нейкаму разумнаму тлумачэнню не паддаецца.

Мікалай Шарах — намеснік старшыні рэспубліканскага Свабоднага прафсаюзу беларускага.

Некалькі гадоў таму з полацкага «Шкловалакна» гэтаксама з парушэннямі быў звольнены калега Мікалая Шараха, кіраўнік «пярвічкі» Свабоднага прафсаюза беларускага Віктар Стукаў.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя