«Замова ад страху» Ніла Гілевіча



Калі лічыць, што народны паэт гэтай той, які рупіцца пра свой народ, то Нілу Гілевічу ідэальна падыходзіць гэты тытул. Бадай ніхто з беларускіх паэтаў не напісаў сталькі патрыятычных вершаў, як Ніл Сымонавіч. Ён адгукаўся вершам на любую істотную падзею, якая адбывалася ў яго краіне. Ягонае палымянае слова было як агонь і меч. І ён не быў прыхільнікам ніякіх кампрамісаў – здраднікаў называў здраднікамі, хлусаў – хлусамі, баязліўцаў – баязліўцамі.

Але пры гэтым ён умеў пасміхнуцца, пажартаваць, паздзеквацца са сваіх ідэалагічных праціўнікаў. І зборнік вершаў “Замова ад стаху” ідэальна пра гэта сведчыць. Чаго толькі вартая “Балада пра скрынку цвікоў”. Гісторыя, апісаная ў вершы, досыць празрыстая – старшыню Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча пазбаўляюць пасады нібыта за тое, што ён скраў скрыню цвікоў. І следам пачынаецца шырокі наступ на ўсё беларускае, уключна з гербам і сцягам. Урэшце-рэшт знікае і беларуская дзяржава. Прыканцы верша сівы дзед вучыць сваіх унукаў на гэтай гісторыі:

Дык вось вам урок: Хапайце, уладу як будзеце мець, Алмазы і золата, срэбра і медзь. але заклінаю я вас, дзецюкі: Нідзе і ніколі не крадзіце цвікі!

У гэтым вершы ўвесь Гілевіч. З ягоным бязлітасным сарказмам, з ягоным болем за радзіму, з ягоным упартым змаганнем.

Кніга “Замова ад страху” аб’яднала вершы розных гадоў, напісаныя пераважна ў дзевяностых і нулявых. Усе яны раней друкаваліся ў перыёдыцы, але ніколі не ўключаліся ў кнігі. Большасць гэтых вершаў маюць грамадзянскае гучанне. Аднак ёсць тут і чыста лірычныя.

Але асноўнай праблемай, якая рэфрэнам гучыць праз усю кнігу, – гэта непакой за беларускую мову. Варта, бадай, цалкам працытаваць гэты невялічкі верш:

Вы, З патугамі вашымі Злобна-бясконцымі, Перастаньце Дурноту ў сабе растраўляць. Гэта ж вам Не паветраны шар з навукоўцамі: Гэта – мова! Слабо вам яе расстраляць!

Алесь Аркуш, Беларускае Радыё Рацыя