Дзень Волі ў Беластоку
Больш за 100 чалавек прысутнічалі на афіцыйным святкаванні Дня Волі ў Беластоку. 32 раз запар беларуская меншасць у Польшчы адзначыла свята Незалежнасці Беларусі – у памяць Акта 25 сакавіка 1918 года. Сёлетнія святкаванні пачаліся з рэлігійнага гімна „Магутны Божа”, які праспявалі дзеткі, што вывучаюць беларускую мову ў Беластоку.
Як і штогод арганізатары ўручылі бел-чырвона-белыя букеты траім найбольш заслужаным прадстаўнікам беларускай культуры.
Валянціна Лаеўская, журналістка Беларускага Радыё Рацыя:
– Жанчыне заўсёды прыемна атрымліваць кветкі, тым больш, калі яны ўшаноўваюць працу, якую чалавек робіць кожны дзень. Вельмі прыемна, што іх я атрымала ў Дзень Волі за свой унёсак у беларускасць, якая ёсць тут, на Беласточчыне.
Віталь Луба, намеснік галоўнага рэдактара тыднёвіка “Ніва”:
– Я, як прадстаўнік калектыву “Нівы”, лічу, што гэта ўзнагарода не толькі для мяне, а для ўсяго калектыву “Нівы”.
Сярод узнагароджаных і настаўніца Яана Марко, якую адзначылі за садзейнічанне пашырэнню навучання беларускай мовы ў Беластоку і развіццё штогадовых беларускіх дыктовак:
– Для настаўніка беларускай мовы гэтая ўзнагарода вельмі важная. Яна паказвае, што нашая праца вельмі патрэбная, і мы і надалей мусім працаваць, вучыць дзяцей, расказваць пра нашу гісторыю, традыцыі, абрады, знаёміць іх з беларускай мовай і працаваць для будучых пакаленняў беларусаў.
Прысутныя паглядзелі таксама кадры дакументальных стужак пра народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.
[Not a valid template]
Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота аўтара