Актывіста «Маладой Беларусі» затрымалі і дапыталі ў КДБ



Віцебскае КДБ цікавіцца кантактамі актывіста ва Украіне. Рэгіянальнага каардынатара „Маладой Беларусі” Аляксандра Галаваня затрымалі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі і распытвалі пра датычнасць актывіста да ўкраінскага батальёна „Азоў”.

Распавядае лідар „Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч:

– Яго ўчора затрымалі каля пад’езду ягонага дому супрацоўнікі ў цывільным, супрацоўнікі КДБ. Яны паказалі яму пасведчанні і завезлі ва ўпраўленне КДБ Віцебскай вобласці. Там запыталі пра дзейнасць „Маладой Беларусі”, але асноўныя пытанні тычыліся менавіта таго, што Алесь нібыта збірае грошы для батальёна “Азоў” у Віцебску, і пра ягоныя сувязі з батальёнам. А таксама пра знаёмствы ва Украіне.

Аляксандр Галавань ад дачы паказанняў адмовіўся, не пазнаў таксама людзей на здымках, якія паказвалі яму КДБ-істы. Таксама ўчора адбыліся ператрусы ў кватэрах фанатаў футбольнага клуба «Віцебск».

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя