Алесь Мех: У рэгіёнах людзі проста выжываюць



«У крызіс улады па сутнасці пакінулі грамадзян сам насам са сваімі праблемамі», — кажа кобрынскі актывіст Алесь Мех.

У рэгіёнах заробкі людзей зусім мізерныя (у сярэднім каля 2-3 мільёнаў), але і на такія грошы практычна немагчыма знайсці працу. Як выжывае народ у такіх умовах?

Алесь Мех: Кобрын заўсёды быў эканамічна моцным горадам, калі параўноўваць яго з іншымі рэгіянальнымі гарадамі. Тут было шмат трывалых прадпрыемстваў і за апошнія гады, дзякуючы ініцыятыве мясцовых жыхароў, з’явілася дастаткова шмат яшчэ і прыватных. Акрамя таго, у Кобрыне ёсць сумеснае беларуска-ізраільскае прадпрымства «Палессе». За кошт гэтага зараз і вырашаецца праблема беспрацоўя, хоць і не да канца. Шмат людзей не маюць працы, а на прадпрыемствах вельмі моцна знізіліся заробкі. Калі глядзець на тое, колькі зарабляюць працоўныя, то ў сярэднім атрымліваецца 2,5-3 мільёны рублёў у месяц. Таму можна сказаць: у рэгіёнах людзі не жывуць, а проста выжываюць.

РР: За кошт чаго?

Алесь Мех: Гадоў пяць таму многія пачалі масава з’язджаць на працу ў Расею, але ж і там зараз крызіс. І, натуральна, калі побач мяжа з Польшчай, то кобрынцы і там ладзілі свой маленькі бізнес. У Польшчу вазілі паліва і цыгарыты, адтуль – нейкі іншы тавар. Праўда, зараз на мяжы ўвялі шматлікія абмежаванні, таму не ўсё так проста. Шмат не заробіш. Атрымліваецца, што і працы няма, і народу зарабіць не даюць. Улады ў крызіс кінулі грамадзян адзін на адзін са сваімі эканамічнымі праблемамі. Іншая справа, што людзі сталі больш актыўна афармляць “карту паляка”, каб з’ехаць працаваць у Польшчу. Такі трэнд абазначыўся, але ён пакуль не масавы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя