БГК імя Мяшкова саступіў у паўфінале SEHA-лігі



Берасцейскі гандбольны клуб імя Мяшкова ў вырашальным раўндзе розыгрышу SEHA-лігі – „фінале чатырох” у напружаным паядынку ў серыі пасляматчавых пенальці саступіў „Веспрему” – 4:1. Асноўны час матчу скончыўся нычыей 20:20.

Берасцейцы выдатна стартавалі ў першым тайме і мелі перавагу ў 5 мячоў, але ў другім тайме „Веспрем” усё ж даціснуў беларусаў.

У гэтым сезоне лепшы венгерскі клуб двойчы да гэтай гульні абыграў каманду Сяргея Бябешкі – 31:24 і 37:25.

Для гандбалістаў БГК гэта была чацвёртая запар спроба заваяваць галоўны прыз інтэрнацыянальнага турніру. У мінулым і пазамінулым гадах берасцейскія гандбалісты станавіліся срэбнымі прызёрамі, а ў 2013-м сталі ўладальнікамі бронзы.